«Юнацтва» – за крок ад чэмпіёнства


«Шахцёр» – «Юнацтва» – 2:1. Менавіта такі лік быў у фінальнай серыі ў барацьбе за хакейны Кубак прэзідэнта пасля трох матчаў. Пакуль галоўнакамандуючы вырашае, уводзіць у краіне каранцін ці не, нашыя каманды, адзіныя ў свеце, працягваюць змагацца за ганаровы трафей. Чарговы спартовы онлайн-пункт на мапе Беларусі – горад шахцёраў, Салігорск.

Пры ўваходзе на лядовую пляцоўку, акрамя ўжо звыклай для нас міліцыі, – таксама і працаўнікі комплексу: усім мераюць тэмпературу, прапаноўваюць скарыстацца сродкамі дэзынфекцыі. Футбольныя заўзятары салігорскага «Шахцёра» праявілі ініцыятыву самаізаляцыі ды зачынілі сектар актыўнай падтрымкі. Аднак хакейныя фаны абедзвюх камандаў толькі гналі свае клубы наперад.

Хакеісты ў сваю чаргу падтрымлівалі высокі тэмп гульні і ўжо ў першым перыядзе здолелі закінуць двойчы, праўда, удалося гэта толькі адной дружыне. Госці скарысталіся колькаснаю перавагай, а ўзяццямі брамы вызначыліся Максім Парфеявец і Усевалад Кашкар.

«Удачна атрымалася, удачна закінулі! Былі моманты і ў мінулых гульнях, аднак не ўдавалася паразіць браму суперніка», – кажа Усевалад Кашкар, нападнік хк «Юнацтва» (Менск).

У перапынку хакеісты адпачывалі, а работнікі комплексу займаліся сваімі справамі. Адныя чысцілі лёд і ставілі на месца брамы, іншыя выціралі поручні, прычым не зусім зразумела, чаму рабілі гэта без пальчатак. Другі перыяд аказаўся безгалявы, а кропку ў сустрэчы на 45-ай хвіліне паставіў усё той жа Кашкар – 3:0, сухая вікторыя «Юнацтва».

«Я пагаджуся з калегай, лёс матчу вырашыла гульня ў няпоўных складах. Брыгады адпрацавалі ў нас вельмі дрэнна. У нас нападнікі ўжо другую гульню, 6 перыядыў ніхто не можа забіць», – кажа галоўны трэнер хк «Шахцёр» Юрый Файкоў.

У адрозненне ад свайго калегі, Аляксандр Макрыцкі быў больш раскаваны. Аднак, паводле трэнера, паставіць апошнюю кропку ў серыі ды заваяваць золата – самая складаная справа.

«Заўсёды выгуляць чацьвёрты матч складана. Падаецца, што лік 3:1, гульня зроблена, аднак гэта не так. Тут патрэбна выходзіць і ў канкрэтным матчы выгульваць і даказваць што ты наймацнейшы», – кажа Аляксандр Макрыцкі, галоўны трэнер хк «Юнацтва» (Менск).

«Юнацтва» у фінальнай серыі, якая працягнецца да чатырох вікторыяў адной з камандаў, вядзе ў ліку 3:1, а таму кожны наступны матч можа стаць апошнім. Чарговы двубой супрацьстаяння запланаваны на заўтра і мае распачацца на сталічнай «Чыжоўка-Арэне» а 19:30.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат»