Юбілей БНР: Які сігнал далі ўлады?


Дзень Волі на галоўнай святочнай пляцоўцы каля Опернага тэатру ў Менску, паводле ацэнак арганізатараў, сустрэлі каля 50 тысяч чалавек. Імпрэза стала самаю маштабнаю дазволенай акцыяй пад бел-чырвона-белымі сцягамі за апошнія гады.

«Суткі, затрыманні, штрафы, яны не мяняюць нашую краіну да лепшага. Нашая задача пераканаць і паўплываць на працэсы, якія ідуць у краіне, каб гэтага станавілася менш. Гэта гучыць пафасна, атрымаецца ў нас ці не. Але мы спрабуем, мы маладыя, стараемся, бо мы ў гэта верым», – тлумачыць арганізатар свята Павел Белавус.

Праз дзень арганізатары падвялі экспрес-вынікі

«Тое што планавалі атрымалася і гэта вельмі крута. Мы глядзім водгукі людзей, 95 %, тыя хто былі ўпершыню, яны ўсе станоўчыя», – дзеліцца блогер Эдуард Пальчыс.

Напярэдадні святочнага канцэрту ў сталіцы і рэгіёнах, паводле праваабаронцаў, былі затрыманыя каля 120 чалавек, у тым ліку журналісты «Белсату» і праваабаронцы цэнтру «Вясна». Большасць адпускалі праз некалькі гадзінаў без складання пратаколаў.

Паводле ацэнак палітычных назіральнікаў свята атрымалася

Але адбылося не дзякуючы, а насуперак жаданням афіцыйнага Менску. Улады, несумненна, не зацікаўленыя ў пашырэнні палітычных свабодаў, але гатовыя дамаўляцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Пагатоў і на афіцыйным узроўні пераасэнсоўваецца спадчына БНР.

«Улада дала вельмі зразумелы пасыл: вы можаце рабіць тое, там і толькі так, як мы гэта дазволім і толькі ў дазволеным фармаце можаце нешта рабіць, але гэта цалкам кантраляваная сітуацыя», – упэўнены палітолаг Андрэй Ягораў.

Упершыню з Днём Волі беларусаў віншавалі на афіцыйным узроўні

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ды амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіона Гібб. Урачыстасці да стагоддзя БНР адбыліся таксама ў Сейме Літвы і мэрыі Кіева. Але галоўнае, што імпрэзу арганізавалі, зрабілі ды прафінансавалі самыя беларусы.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»