Дыпламатычны прарыў: амерыканскія візы – зноў у Менску


З 1-га лютага амбасада ЗША ў Менску будзе выдаваць грамадзянам Беларусі візы ўсіх катэгорыяў. Пра гэта заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.

«Гэта вялікая справа, бо ўпершыню за 10 гадоў мы змаглі гэта зрабіць. І мы вельмі шчаслівыя», – зазначыў ён.

Пасля істотнага скарачэння колькасці амерыканскіх дыпламатаў у Расеі, якое адбылося летась, шмат хто з экспертаў разлічваў на хуткае з’яўленне магчымасці выдачы візаў расейцам у Менску. Аднак усё ж амбасада ЗША ў Беларусі не зможа задаволіць попыту расейскіх грамадзянаў.

«Рэсурсы ў нас усё яшчэ абмежаваныя, таму мы не зможам праводзіць тут сумоўі для людзей з трэціх краінаў, якія не грамадзяне Беларусі», – дадаў спадар Райлі.

МЗС добра спрацаваў?

У той жа момант у амбасадзе ЗША кажуць, што гэткае пацяпленне ў беларуска-амерыканскіх адносінах не крок амерыканцаў насустрач беларускаму рэжыму, а вынік агульнай працы.

«Калі казаць пра больш значныя змены, сярод іншага, пра абмен амбасадарамі, то мы заўжды абмяркоўваем з уладамі Беларусі магчымыя шляхі паляпшэння адносінаў. І я думаю, што абодва бакі былі б радыя, калі мы б прыйшлі да моманту, калі б маглі абмяняцца амбасадарамі», – падзяліўся Робэрт Райлі.

Але пакуль, кажа дыпламат, такі момант яшчэ не наступіў. Свайго амбасадара з Менску Злучаныя Штаты адклікалі амаль 10 гадоў таму, калі абвастрыліся беларуска-амерыканскія дачыненні. Дагэтуль Вашынгтон не зняў з Беларусі санкцыяў, якія ўвёў у 2007 годзе за парушэнне беларускімі ўладамі правоў чалавека. Цяпер санкцыі прыпыненыя, іх перагляд ЗША плануюць ажыццявіць сёлета ў красавіку.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»