Ёсць ідэя, але няма каманды і грошай на рэалізацыю? У Магілёве аткрылася стартап-школа «SmartUp»


На беларускім рынку стартапаў бракуе ідэяў. Заяўкі на фінансаванне падаюць сотні праектаў, а інвестары хочуць бачыць тысячы. Каб развіваць інавацыйныя ідэі, у Магілёве адкрылі школу стартапаў «SmartUp» («СмартАп»).

Маеце сваю ідэю і шукаеце каманду? Прыходзьце! У Магілёве працуе інвестыцыйны клуб, а цяпер з’явілася і школа стартапаў «SmartUp».

«Ёсць інвестыцыйны клуб, якому не хапае ідэяў, ёсць рэсурсы, яны жадаюць гэта развіваць, але не хапае ідэяў. Мы пастараемся разам абʼяднаць, каб атрымалася комба», – распавядае Павел Ярошчанка, стартап-школа «SmartUp».

Павел з партнёрам адкрылі ў Магілёве «SmartUp», каб людзі кампетэнтныя ды з ідэямі маглі знаходзіць сабе каманду і грошы на праект. Адкрылася школа вечаровым мітапам на тэму маркетынгу ды інвестыцыяў.

«Якія з самага пачатку ўкладаюць у праект – гэта сямʼя ці сябры, ці тыя, хто, хутчэй за ўсё, памыляцца ў гэтым праекце. Таму трэба больш эксперыментаваць, стартап-школы, павінныя болей хадзіць на хакатоны», – кажа Валерый Астрынскі, «Angels Band».

Валерый Астрынскі прэзентуе супольнасць бізнес-анёлаў. Для Беларусі тэма венчурнага фінансавання – максімальна рызыкоўнага віду інвеставання – новая. Сябры арганізацыі «Angels Band» («Энджэлз Бэнд») – уласнікі бізнесу, топ-менеджары, гатовыя інвеставаць перадусім у IT-стартапы.

«Ведаючы загадзя, што выжыве толькі адзін ці два праекты з некалькіх дзясяткаў, людзі гатовыя гіпатэтычна губляць свае грошы, але яны разлічваюць, спадзяюцца знайсці такі праект, які з лішкам акупіць усе іх страты», – каментуе Валерый Астрынскі, «Angels Band».

На разглядзе ў бізнес-анёлаў цяпер праект «Кавітацыйны цеплагенератар» менчука Аляксея. Бізнесовец два з паловаю гады кіраваў інвестыцыйным клубам у Менску. Там ён знайшоў каманду і праект, які мае прынесці людзям карысць, а Аляксею – грошы.

«Вось гэта ўстаноўка, якая дапамагае ў тры разы эканоміць электраэнергію на ацяпленне памяшкання. Гэта сам будынак, які мы ацяпляем, трохпавярховы офісны будынак на 1200 квадратных метраў. Самая тэхналагічная ўстаноўка – кавітатар, вось ён», – распавядае Аляксей Паўлаў, арганізацыя «Цеплапояс».

«Кавітацыйны цеплагенератар» атрымлівае энергію ў момант, калі ў вадзе лопаюцца бурбалкі. Як сцвярджае Аляксей, гэты спосаб на 60 адсоткаў больш энергаэфектыўны за электрычны.

«Гэты праект масавага спажывання, ён важны для людзей, ён дапамагае, ён робіць ацяпленне больш дасяжным для фізічных асобаў і больш танным для юрыдычных асобаў», – дадае Аляксей Паўлаў.

Бізнесовец Сяргей Нечыпарук па прафесіі – інжынер-будаўнік, ідэя ў яго ўжо ёсць, у школе стартапаў ён збіраецца шукаць каманду для яе рэалізацыі:

«У будаўніцтве, мяркую, што ўся галіна зменіцца на працягу бліжэйшых дзесяці гадоў. Цяпер ствараюцца 3D прынтары, якія змогуць будаваць не толькі адна- і двухпавярховыя дамы, але і шматпавярховыя».

Заняткі ў межах школы стартапаў «SmartUp» будуць ладзіцца некалькі разоў на месяц.

Вольга Васільева, belsat.eu