Аб'ектыў 01.12.2019 «Ёсць апарат, які ачышчае сперму ад ВІЧ». З чым змагаюцца ВІЧ інфікаваныя ў Беларусі


Яўгену Спеваку 43 гады, 23 з якіх ён жыве з ВІЧ. Хвароба не замінае мужчыну жыць напоўніцу. Каханая жанчына не пабаялася выйсці замуж і нарадзіць ад яго дзяцей. Старэйшая дачка ўжо мае 22 гады, малодшая нарадзілася год і два месяцы таму. Уся сям’я здаровая, бо калі хворы прымае неабходныя лекі, вірусная нагрузка на чалавека мінімальная.

Яўген Спевак, з адкрытым ВІЧ-статусам: «Еўропа, Амерыка на сённяшні дзень рэкамендуюць, скажам, займацца зачаццем дзяцей натуральным шляхам у выпадку, калі ў ВІЧ-пазітыўнага чалавека вірусная нагрузка нявызначаная. Як я і казаў, я бяспечны для грамадства, калі мая нагрузка нявызначаная. Канцэнтрацыя вірусу настолькі малая ў крыві, што я не магу нікога заразіць».

Яўген кажа, што і ён, і ягоныя знаёмыя сутыкаліся з цяжкасцямі, калі хацелі зрабіць працэдуру экстракарпаральнага апладнення ў цэнтры «Маці і дзіця». Вячаслаў Самарын, кансультант грамадскага абʼяднання «Пазітыўны рух», расказаў, з якімі праблемамі ў згаданым цэнтры сутыкаюцца ягоныя кліенты.

Вячаслаў Самарын, ГА «Пазітыўны Рух»: «За грошы Глабальнага фонду куплены апарат, які ачышчае сперму ад ВІЧ-інфекцыі. Гэта простая працэдура. І працэдура штучнага апладнення простая. З першага разу гэта можа не выйсці, і людзі робяць 5 спробаў. Але з кожнай спробай увесь час чалавеку трэба праходзіць 20 кабінетаў, 20 кансультантаў для таго, каб атрымаць гэту працэдуру».

На 1-га лістапада 2019 года ў Беларусі зарэгістраваныя амаль 22 тысячы чалавек, якія жывуць з ВІЧ-інфекцыяй.

Алег Скрыпко, нам. галоўнага лекара гарадскога клінічнага інфекцыйнага шпіталю: «Найбольшая распаўсюджанасць у Гомельскай вобласці, гэта натуральна. У прынцыпе, там збольшага ўсё і пачыналася, там вельмі шырока было развітае наркаспажыванне».

Уласна пасля ўжывання інʼекцыйных наркотыкаў Яўгену паставілі дыягназ «ВІЧ-пазітыўны». Мужчына перастаў прымаць рэчывы, калі даведаўся пра сваю хваробу. Адной з важных праблемаў у людзей з(ь) ВІЧ Яўген лічыць недахоп лекаў.

Яўген Спевак, з адкрытым ВІЧ-статусам: «Вельмі важна мець якаснае лячэнне, якаснае і даступнае. Апошнім часам пачалі закупляць прэпараты, якіх, паводле інфармацыі, якая ўжо ёсць, не хопіць на ўсіх пацыентаў, якія ўжо прымаюць гэтыя прэпараты. У маёй практыцы ў самога была два разы такая гісторыя, калі мне мянялі схему праз тое, што прэпарат перасталі закупляць. Ну, гэта ненармальна».

ВІЧ – гэта не СНІД, які ёсць больш цяжкай формай хваробы. Але нерэгулярнае ці недастатковае лячэнне ВІЧ прыводзіць пацыентаў да стадыі СНІДу.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары