«Ён прасіў: знайду я вам гэтыя 3 мільёны!» За кратамі – былы намеснік Менгарвыканкаму


Карупцыя, нячутная і нябачная, нібы радыяцыя, працягвае жыць у асяродку высокапастаўленых чыноўнікаў: за два дні двое атрымалі 12 гадоў зняволення кожны. Чвэрць стагоддзя змагання з карупцыяй не даюць выніку.

Злоўжыванне службовым становішчам і атрыманне хабару – крымінальныя злачынствы, за якія былы намеснік Менгарвыканкаму Андрэй Дамарацкі атрымаў 12 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Страты бюджэту, афіцыйна, дасягнулі трох мільёнаў рублёў. Сваякі былога чыноўніка віны не прызнаюць.

«У ЗША, калі органы кантролю прыходзяць да чыноўніка і бачаць недахопы, то даюць 3 месяцы на выпраўленне. А нас – тут жа хапаюць, каб чалавек не выправіў, і выправіць немагчыма. Час яму выправіць. Ён прасіў: знайду я вам гэтыя 3 мільёны, але яго не адпусцілі», – распавядае маці асуджанага Валянціна Дамарацкая.

У Менгарвыканкаме Андрэй Дамарацкі таксама адказваў за гандаль і сістэму грамадскага харчавання. У прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» згадваюць, што атмасфера падчас кіравання Дамарацкага не вылучалася паляпшэннем бізнес-клімату ці гандлю.

«Нас з Чэрвеньскага рынка выгналі падчас працы Дамарадскага – ніхто за нас не заступіўся. Гэта паказчык працы і тагачаснага Ладуцькі і Дамарацкага, якія ў адной звязцы былі. Крыўдна за такое стаўленне да людзей, калі па тэлевізары адно, а на справе іншае», – узгадвае Васіль Бараноўскі, прадстаўнік «Перспектывы» у Менску.

Аднак публічна бараніў Дамарацкага старшыня прэзідыуму Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін ды вядомы блогер Антон Матолька. Апошні сёння прапанаваў тысячу долараў за інфармацыю «каму перайшоў дарогу Дамарацкі». Маці Дамарацкага заявіла пра ціск у часе следства.

«Быў вельмі моцны ціск і запалохванне», – узгадвае Валянціна Дамарацкая.

Таксама за хабар і ў буйным памеры да 12 гадоў зняволення напярэдадні асудзілі былога памочніка прэзідэнта ў Гарадзенскай вобласці Сяргея Раўнейку; і да двух гадоў – былога кіраўніка «Беларускай федэрацыі боксу» Дзмітрыя Ціхамолава. Як сталася, што хабар бяруць чыноўнікі з эшалонаў найвышэйшай улады, калі ад пачатку прэзідэнцтва ў Беларусі ідзе змаганне з карупцыяй?

«Чаму не перамаглі – можа яе і нельга перамагчы – я так думаю».

«Усіх мяняць да чортавай бабці: адна руку другую грэе – вось і ўсё».

«Мы самі вінаватыя: менш бы давалі – менш бы бралі. І не трэба на прэзідэнта казаць».

«Немагчыма з ёй змагацца: гэта, як прастытуцыя – з пакон вякоў ёсць, і немагчыма з ёй змагацца», – кажуць жыхары Менску.

Папярэднік Андрэя Дамарацкага на пасадзе кіраўніка спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргей Барысевіч на пачатку года атрымаў за хабар 14 гадоў турмы. Шырокі рэзананс у грамадстве мела нядаўняя гэтак званая справа медыкаў, калі на лаву падсудных за хабар селі высокапастаўленыя асобы Міністэрства аховы здароўя і кіраўнікі буйных шпіталяў.

Толькі сёлета за хабар арыштавалі высокапастаўленых чыноўнікаў у Салігорску, Гомлі ды іншых гарадах. Карупцыя ў Беларусі стала часткай сістэмы дзяржаўнага кіравання, кажа адмысловец.

«Любая бюракратыя сама сябе перамагчы не можа: яе зможа перамагчы толькі грамадзянская супольнасць звонку – сам народ. І сёння тое, што робіцца ў змаганні з карупцыяй – не з’яўляецца сапраўдным змаганнем, як гэта адбываецца ў іншых краінах», – кажа кіраўнік ГА «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

На распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі кожны карупцыянер можа быць вызвалены ад пакарання. Некаторых былых высокапастаўленых карупцыянераў накіроўваюць, дзеля выпраўлення, падымаць заняпалыя калгасы.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Меркаванні
Два прысуды двум чыноўнікам – атрымайце і распішыцеся!
2019.07.05 17:36