«Ён пасмяяўся, я ўстаў і сышоў». Праз пагардлівае стаўленне бесхацінцы не ідуць у дзяржаўныя медустановы

Артыкул 45 Канстытуцыі гарантуе атрыманне медычнага абслугоўвання. Аднак рэалізаваць сваё права могуць не ўсе. Нават пры наяўнасці дакументу, які пацвярджае асобу, і рэгістрацыі. Бесхацінцы – нябачныя людзі ў Беларусі, абмежаваныя ў атрыманні сацыяльных паслугаў.

Валерыю Кальцову 47 гадоў. Апошнія пяць ён жыве на вуліцы, тулячыся то ў лясных зямлянках, то ў і закінутых будынках.

Колькі такіх асобаў у Беларусі – не ведае ніхто. Шэсць гадоў таму Мінпрацы налічыла 4 тысячы бесхацінцаў, праваахоўнікі паведамляюць то пра 500, то нават пра паўтары тысячы. Звяртаецца па сацыяльную дапамогу штогод – каля тысячы чалавек. Паводле супольнай справаздачы Беларускага хельсінкскага камітэту, «Human Constanta» і «Libereco» – гэта прыкмета ігнаравання праблемы:

«Вынік адсутнасці палітыкі ў дачыненні праблемы бесхацінцаў – недасяжнасць праўдзівых статыстычных звестак пра маштабы праблемы, што спрыяе яе ігнараванню дзяржаўнаю сацыяльнаю палітыкай».

Валерый Кальцоў не мае сур’ёзных захворванняў. Але нават у выпадку неабходнасці звяртацца ў дзяржаўныя медычныя ўстановы адмаўляецца.

«Я кажу: «Я захварэў». Патлумачыў сітуацыю. Кажу: «Напэўна, у мяне тэмпература, жар». Ён выклікаў хуткую. Яны прыехалі, забралі мяне, завезлі ў больніцу. У больніцы адвялі мяне да доктара. Доктар пасмяяўся: «Ты, кажа, бомж?». Я адказваю: «Так. На гэты момант я бомж». Ён пасмяяўся, я ўстаў і сышоў», – кажа бесхацінец Валерый Кальцоў.

Застаецца разлічваць толькі на валанцёраў. Такіх, як грамадская ініцыятыва «Вулічная медыцына» студэнткі медычнага ўніверсітэту Карыны Радчанкі.

«Безыменныя людзі». Беларуска зняла мастацкі фільм пра бесхацінцаў

Кожную суботу і нядзелю яны прыходзяць на кропкі збору бесхацінцаў. Робяць першасны агляд, выдаюць неабходныя безрэцэптурныя лекі, апрацоўваюць раны.

«Мы сутыкнуліся з тым, што людзі на вуліцы часта не маюць магчымасці атрымаць планавую дапамогу і трапляюць у больніцу, толькі калі здараецца нейкая экстраная сітуацыя. Таму мы хацелі б дапамагчы развязаць гэтую праблему», – зазначае арганізатарка добраахвотнай ініцыятывы Карына Радчанка.

Спачатку – у лістападзе 2018-га Карына працавала сама. Сёння да яе далучыліся іншыя медыкі, студэнты старэйшых курсаў, якія маюць права практыкі, і валанцёры. Усяго – 18 асобаў. За час існавання «Вулічная медыцына» здзейсніла 49 такіх выхадаў і правяла 378 кансультацыяў.

Бесхацінцы: ці ёсць шанец падняцца з дна?

«Да нас звяртаюцца людзі ў прынцыпе з усімі тымі ж праблемамі, якія ёсць у тых, хто мае дом. Гэта хранічныя захворванні, гэта артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет, гэта парушэнне трофікі, гэта наступствы інсульту, наступствы інфаркту», – распавядае Карына Радчанка.

Медыкаменты ўдзельнікі «Вулічнай медыцыны» набываюць на ўласныя сродкі. Аднак ад дапамогі не адмаўляюцца. Не так даўно ў менскай кавярні TIDEN зʼявіўся адмысловы бокс для збору перавязачных матэрыялаў, лейкапластыраў і сурвэтак. Таблеткі і вадкасці для абеззаражвання можна перадаць беспасярэдне ўдзельнікам, дамовіўшыся з імі на сустрэчу праз сацыяльныя сеткі ініцыятывы.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu

Глядзі таксама