«Ён нічога не дакажа. Ён баіцца міліцыі». У Віцебску вынеслі смяротны прысуд


Імем Рэспублікі Беларусь – расстраляць! Віцебскі абласны суд прызнаў вінаватым 50-гадовага Віктара Паўлава ў забойстве дзвюх пенсіянерак у вёсцы Прысушына напярэдадні новага 2019 года.

Сястра асуджанага на смерць Раіса Паўлава:

«Як чалавек ён учыніў цяжкае злачынства, забраўшы жыццё дзвюх асобаў. Але як сястры мне ўсё адно яго шкада».

Летась 30 снежня мужчына, як высветліла следства, прыйшоў у дом, дзе жылі дзве сястры – 76 і 78-гадовыя жанчыны. Паўлаў пасварыўся з імі, моцна іх збіў, пасля чаго скраў грошы і некалькі бутэлек віна на агульную суму амаль 180 рублёў. Пасля чаго пайшоў на закупы ў краму. Памерлых знайшлі толькі праз некалькі дзён.

«Цяжка, вельмі, разумееце. Ён застаўся адзін. Ён нічога не дакажа. Проста цяпер з усім пагаджаецца, бо гэта бессэнсоўна. Ён баіцца міліцыі, увесь час яго збівалі, ці што… Ён ведае, што цяпер няма сэнсу ваяваць», – кажа сястра асуджанага.

Адвакатка асуджанага запэўнівала, што ў справе ёсць змякчальныя абставіны: Паўлаў супрацоўнічаў са следствам, напісаў яўку з павіннай і раскаяўся ў злачынстве. А самое забойства, запэўнівала абаронца, было справакаванае адной з жанчын – нібыта тая абражала мужчыну, бо мела прэтэнзіі да якасці пабудаванага ім хлява. У трагічны дзень Віктар Паўлаў, маўляў, не ставіў сабе мэты кагосьці забіць, ён проста прыйшоў купіць віна.

«Ён не першы раз забівае чалавека, гэта ўжо рэцыдыў. І гэты рэцыдыў даў падставу, каб пракурор запытаў для яго найвышэйшую меру пакарання – расстрэл», – патлумачыў праваабаронца Леанід Свецік.

Гэта ўжо другі смяротны прысуд, вынесены беларускай Фемідай сёлета. 9 студзеня суд Бабруйскага раёну прыгаварыў да найвышэйшай кары Аляксандра Асіповіча, які летась у ліпені забіў дзвюх дзеўчын.

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль выносяцца смяротныя выракі. За апошнія 10 гадоў, паводле звестак кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», у краіне расстралялі, згодна з прысудамі, 23 асобы.

Віталь Бабін, belsat.eu