«Ён любіў жыць». У Магілёве развіталіся з забітым міліцыянтам


Сотні чалавек – але без міністра Шуневіча. У Магілёве развіталіся з забітым інспектарам ДАІ Яўгенам Патаповічам. На другі дзень пасля трагедыі следства адсоўвае на задні план версію пра выкраданне ў чорнай «Волзе». Іншых версіяў следчыя не агучваюць. Вядома толькі, што міліцыянту выстралілі ў галаву. Ніводнага затрыманага падазраванага ў забойстве – няма.

Людзі ў пагонах, жалобны марш, кветкі ды вянкі. Сотні чалавек прыйшлі на развітанне з 22-гадовым інспектарам ДАІ Яўгенам Патаповічам у будынку Магілёўскай абласной філармоніі.

Абноўлена
Ігар Шуневіч не прыехаў на развітанне з застрэленым інспектарам ДАІ
2019.05.18 10:49

«Чалавек любіў жыць проста. Ён вельмі любіў сваіх сяброў», – не стрымліваючы плачу кажа прысутная на развітанні сяброўка забітага міліцыянта.

Як выглядала ягоная праца, узгадвае Алена Громава, прадавачка кніжнай крамы, куды часта наведваўся Яўген Патаповіч.

«Ён казаў: у мяне яшчэ вельмі шмат працы. Ён нават схуднеў. Чалавек ён быў найсвятлейшы. Калі ён прыходзіў роўна за содні да гэтага ў госці, я гавару: куды ты бяжыш? Ужо ж час пасля службы, сёмая гадзіна, мы былі з сяброўкай… А ён кажа: мне яшчэ трэба разабраць тры скаргі, адная ў Казіміраўцы зусім у адным канцы, адна на Куцепава», – кажа яна.

Як светлага і сумленнага чалавека Яўгена Патаповіча ўзгадваюць і ў школе, якую ён скончыў 5 гадоў таму.

«Тое, што з ім здарылася, гэта нават злачынства не перад працаўніком, які быў пры выкананні, не перад чалавекам. Гэта злачынства перад чалавечнасцю», – гаворыць спадарыня Алена, завуч школы № 7, у якой вучыўся Яўген Патаповіч.

Рэпартаж
«Білі па галаве, дзясяткі дагэтуль за кратамі». Ромы з Чапаеўкі скардзяцца на жорсткасць сілавікоў
2019.05.17 21:20

Злачынцаў праваахоўнікі шукаюць другія содні. Пачаткова ў арыенціроўцы міліцыі прагучала інфармацыя пра выкраданне працаўніка ДАІ цыганамі на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. Напярэдадні ў Чапаеўцы – цыганскім раёне Магілёва – прайшлі рэйды: затрымалі дзясяткі чалавек – брутальна, са збіццём прыкладамі аўтаматаў. Але, як паведамляе Следчы камітэт, падазраваных у іх надалей няма.

«Версія пра выкраданне працаўніка прадстаўнікамі адной з этнічных меншасцяў не прыярытэтная ў следства», – напісала ў сваім «Facebook’у» афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова.

Следчы камітэт просіць усіх, хто валодае інфармацыяй, датычнай гібелі Яўгена Патаповіча, тэлефанаваць на гэтыя нумары:

8 (017) 389-50-02, 8 (0222) 23-05-00

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»