Аб'ектыў 08.06.2017 «Ён хацеў нешта зрабіць». За што ціснуць на міністра прыродных рэсурсаў?


Без месяца 2 гады ў міністэрскім крэсле правёў Андрэй Каўхута. Дагэтуль была і навуковая дзейнасць па геалогіі і выкладанне. Студэнты ўзгадваюць свайго выкладчыка выключна добрымі словамі – складаныя прадметы ён выкладаў па-беларуску.

«Практычна ідэальная беларуская мова. І тады я зразумеў, што гэта чалавек варты, калі прыйдзе час і прыйдзе нейкая гаворка, буду ведаць, што сярод геолагаў ёсць такія цвёрдыя і ўпартыя людзі. І канешне, быў вельмі здзіўлены, калі Андрэй Марленавіч стаў міністрам», – узгадвае палітык Павал Севярынец, геолаг па адукацыі.

Каўхута заняў пасаду перад апошнімі выбарамі прэзідэнта

Тады кіраўнік краіны дзеля дэманстрацыі выбітных дасягненняў і павелічэння даходаў патрабаваў ад чыноўнікаў знайсці ў нетрах Беларусі паболей чорнага золата.

Ужо праз месяц пасля патрабавання новы міністр прыродных рэсурсаў рапартаваў: адкрыта новае радовішча нафты, а пасля – яшчэ адно і яшчэ адно. Эксперты перакананыя, што для рэальнага выніку, прынамсі такога, які Беларусь мела ў савецкія часы, распрацаваць трэба дзясяткі свідравінаў.

«Пік здабычы ўласнай нафты ў Беларусі застаўся, на жаль, дзесьці ззаду. Справа ў тым, што гэта быў недзе 1975-ы год, калі Беларусь здабывала каля васьмі мільёнаў тонаў нафты», – распавяла Таццяна Манёнак, аглядальнік выданне «Белрынак».

Здабываем у пяць разоў меней, чымся ў СССР

Нават з улікам новаадкрытых радовішчаў колькасць здабытай нафты за апошнія гады не павялічылася. Затое мусілі б павялічыцца выдаткі на распрацоўку новых месцаў здабычы чорнага золата.

«Патрабуецца мінімум мільён долараў на бурэнне свідравіны, каб гэтую нафту здабыць», – падкрэсліў летась экс-міністр Андрэй Каўтуха.

Не танная, дарэчы, і распрацоўка іншых радовішчаў, у прыватнасці базальту, якую ў краіне меліся распачаць летась.

Замест геолагаў глыбока капнулі камітэты дзяржбяспекі і дзяржкантролю

Сілавікі паведамілі, што за сотні тысяч бюджэтных долараў пошук скарбаў дзяржпрадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» вёў не ў зямлі, а на паперы.

«Паколькі выкананне праграмы курыравала Мінпрыроды, чыноўнікі ведамства аб правале праграмы даведаліся першымі, аднак замест таго, каб вырашаць праблему, чыноўнікі вырашылі яе замаўчаць», – даводзіў афіцыйную пазіцыю журналіст дзяржаўнага каналу.

Справа не пасунулася, таму «ўзяліся» за кіраўніка ведамства.

«Рэальныя прычыны крыюцца ў прыстойнасці чалавека і ў тым, што ён сапраўды хацеў нешта зрабіць. Не ўзяць пад казырок і выконваць: загадалі сёння газ, заўтра нафта, паслязаўтра – жалезная руда, а комплексна развіваць мінеральную базу ў Беларусі», – упэўнены спадар Севярынец.

Кіраўніцтва Беларусі не прагне развіцця

Усё, чаго жадаюць улады – гэта чорнага золата і каб з’явілася яно хутка і танна. Зазвычай распрацоўка радовішча займае 4-6 год, міністр Каўхута не даў рады зрабіць гэтага за 2 гады. Колькі часу дасць кіраўніцтва краіны наступнаму міністру прыродных рэсурсаў?

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Максім Пушкін / TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары