На Глыбоччыне адсвяткавалі Калядкі па-старабеларуску


Каза, Мядзведзь і вясёлыя калядоўнікі віншавалі са святам у Галубіцкай пушчы на Глыбоччыне. Згодна традыцыі, у аграсядзібах «Мядзведжы кут» і «Запаведны востраў» адсвяткавалі Калядкі – старадаўні беларускі зімовы абрад.

На Глыбоччыне святкаванне пачалося ўжо напярэдадні Куцці.

«У такія дні, якія цяпер, у народзе называюцца Крывыя вечары, толькі вось прайшло зімовае сонцастаянне – гэта моцныя дні, калі калядуюць заўжды для таго, каб пажадаць адзін аднаму моцы, свята і дабрабыту», – кажа Віка Сакалова, удзельніца абраду калядавання.

Нашыя Каляды – гэта ўнікальнае напластаванне язычніцкіх – дахрысціянскіх – матываў і элементаў, звязаных з нараджэннем Хрыста.

«Аднак цікава тое, што многія гэтыя пласты, якія з аднаго боку падаюцца супрацьлеглымі, непадобнымі адзін да аднаго. Тым не менш, яны шмат у чым перасякаюцца», – кажа кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Скварчэўскі.

Таму ў калядных песнях і віншаваннях ёсць і прырода, і Новы год, і сакральныя элементы.

«Гэта нашая беларуская культура старажытная, якая вельмі цікавая. Хацелася б, каб людзі больш памяталі пра гэта і шанавалі – і мову, і культуру, і звычаі», – кажа Аляксандр Цвірка, гаспадар аграсядзібы «Запаведны востраў».

Калядоўнікі – згодна традыцыі – наведвалі двары не толькі на Раство, але і на Новы год і Вадохрышча.

Ганна Мордань, фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum