Яўгеній Патаповіч хацеў помсціць за загінулага сябра


Сям’я Яўгена Патаповіча, якога знайшлі мёртвым у лесе пад Магілёвам, не верыць у празрыстасць следства і настойвае на эксгумацыі цела і незалежнай экспертызе. Да нас звярнуўся бацька Яўгена, які распавёў пра свае падазрэнні. Не могуць болей маўчаць і іншыя блізкія да Яўгена людзі.

Праз 12 дзён пасля гібелі сына Уладзімір Патаповіч прыняў складанае рашэнне:

«Я хачу, каб адбылася эксгумацыя цела майго сына дзеля таго, каб расставіць кропкі над і, то бок быў суіцыд ці не было, былі тыя пашкоджанні ў ніжняй частцы цела, якія першапачаткова паказалі на здымках у Інстаграм».

Хавалі сына ўрачыста, як забітага пры выкананні службовых абавязкаў, бо на гэта ўказвалі фотаздымкі з месца забойства, а таксама дзеянні следчых, якія ператрэслі ўсе ваколіцы ў пошуках падазраваных. Пасля пахавання сям’ю ўразіла змена версіі на самагубства. Гэта кардынальна змяніла стаўленне бацькоў да справы. Паўплываць на следства не ўдалося, і родныя звярнуліся да «Белсату».

Вольга Патаповіч, маці загінулага:

«Нас нават у морг не пусцілі, куды я прыходзіла з родным братам, нас у морг не пусцілі, каб паглядзець цела. І міліцыя казала: вам там рабіць няма чаго. Я ім тлумачу, што я моцная, я вытрымаю. Але там, відаць, усё зрабілі шыта-крыта».

Бацькі ўзгадваюць, што сын быў забяспечаны фінансава, планаваў змену аўта і ўладкаваў асабістае жыццё. Дзяўчына Юлія, з якою Яўген напярэдадні пачаў пражываць разам, таксама адмаўляе магчымасць самазабойства маладзёна.

Юлія, сяброўка загінулага:

«Не, я не веру, бо такога ў прынцыпе не можа быць. Усё добра было. Калі мы зʼехаліся, наадварот усё зрабілася нашмат лепш. Асаблівых праблемаў, з-за якіх можна было б такое зрабіць, ніколі не было. Ён жыццярадасны такі чалавек».

Працы інспектар ДАІ Яўген Патаповіч дадому не прыносіў, кажа Юлія. Узгадвае, што працаваў ён заўжды на другой змене і з напарнікам. Маці Вольга Паўлаўна перакананая, што менавіта са службаю звязаныя цьмяныя акалічнасці ягонай смерці.

«А можа ён нейкую машыну спыніў і нешта ведаў. Ці то з трупамі, ці то са зброяй, ці з наркатою. Ён жа ж нічога не распавядае. Але да гэтага казаў, што за свайго сябра, які быў яму як брат, я адпомшчу. Я пытаюся: за якога брата? А той кажа: за таго, які застрэліўся», – распавядае Вольга Патаповіч.

Гэтая здагадка сваякоў пакідае найбольш пытанняў. Сябрук і аднагрупнік Яўгена Валеры Калькіс загінуў 7 месяцаў таму ў лесе пад Берасцем. Афіцыйна заявілі: застрэліўся праз спрэчку з дзяўчынай.

У той справе шукаць праўды, магчыма, позна. Але ў гэтай развязаць прынамсі частку сумневаў яшчэ можна.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Hавiны
Бацькі загінулага лейтэнанта ДАІ: «Не верым у суіцыд, настойваем на эксгумацыі»
2019.05.28 14:41