«Яшчэ не аднялі беларускі пашпарт, каб уручыць пашпарт РФ?» Эксперты каментуюць новыя звесткі пра інтэграцыю


Выпадковы… ці адмысловы выцек інфармацыі аб пагадненні паміж Беларуссю і Расеяй? І што яно азначае: гэта чарговая незабавязальная паперка пра аб’яднанне ці сапраўднае эканамічнае паглынанне нашае краіны ды здача незалежнасці?

У сярэдзіне ліпеня з Пецярбургу нас папярэджвалі:

«Беларусь безумоўна зʼяўляецца нашым стратэгічным ходам, блізкім саюзнікам. Мы працуем па ўсіх напрамках – у сферы бяспекі, сферы ваеннага дзеяння, у абароне», – казаў кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін.

Мэтаў колеру хакі, якія пералічвае кіраўнік Крамля, Аляксандр Лукашэнка не каментуе, гэтаксама як пытання адзінай валюты, але перамовы ідуць: пасля вызначэння прэмʼерамі тэрмінаў распачацця абʼяднання ў Саюзную дзяржаву, Менск наведаў сакратар Савету бяспекі Расеі.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Я паглядзеў сродкі масавай інфармацыі, асабліва маскоўскія, падаюць як «надзвычайшчыну» нейкую, ніякай надзвычайшчыны няма».

Яшчэ як ёсць – не першы месяц перанята настойвае Уладзімір Мацкевіч. Яшчэ да зліву ў «Камерсанце» метадолаг валодаў інфармацыяй пра схаваныя інтэграцыйныя пратаколы, якія (кажа) пазбавяць Беларусь суверэнітэту.

«Гэтая нядбайнасць, імкненне не выйсці з камфорту і думаць, што гэтага няма… бо вам гэтага наўпрост не сказалі, яшчэ не аднялі ў вас беларускі пашпарт, каб уручыць пашпарт Расейскай Федэрацыі… і вы думаеце што гэтага яшчэ няма… Гэта ёсць!» – абураецца філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Большасць апытаных сёння Белсатам беларусаў аб’яднання з Расеяй ці не хочуць, ці асцерагаюцца:

«Навошта нам у Расейскі інтэрнат ісці. Што ў нас там будзе – «комнатка» ці пакойчык. Што там будзе – мы ведаем».

«Ні да чаго добрага гэта не давядзе».

«Гэта дамова эканамічная, але не палітычная. Дзяржавы якімі былі, такімі застануцца».

Гэта не магчыма – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. Ужо праз 15 месяцаў – абʼяднанне ў падатковым і грамадзянскім кодэксах, збліжэнні ў банкаўскай і галіне энергетыкі – усяго 31 дарожная карта. Кіраўнік Беларусі не раз падкрэсліваў: калі Масква не гарантуе Сінявокай кампенсацыі за змены ў коштах на нафту – аніякіх дамоваў Беларусь не падпіша ўвогуле.

«І Лукашэнка, і шмат іншых дзеячаў Беларусі казалі, што суверэнітэт – гэта святое. І вось гэтая святасць на нашых вачах ператвараецца ў тое, што патрэбна іншай дзяржаве, і гэтыя дзеянні можна кваліфікаваць як здрада дзяржаве», – гаворыць Яраслаў Раманчук, навукова-даследчы цэнтр «Мізэса».

Паглынанне меншай краіны большаю магчымае толькі тэарэтычна – кажа эканаміст з Масквы Дзмітрый Балкунец:

«Беларускі бок не будзе выконваць гэтыя пагадненні. Я б не рабіў з гэтага нейкай вялікая гісторыі, не раздзімаў б паніку. Відавочна, што Лукашэнка будзе зацягваць працэс да апошняга моманту. Ён, вядома, падпіша гэты дакумент, мабыць, у снежні на юбілеі Саюзнай дамовы. Трэба неяк святкаваць, гэта безумоўна, таму яны прыдумалі механізм падпісаць новы дакумент».

З моманту падпісання дамовы «Аб Саюзнай дзяржаве» у снежні міне 20 гадоў. Беларусь і сапраўды не выконвала прапісаных у ёй палажэнняў. Ці дазволяць новыя дакументы працягваць у тым самым духу – вялікае пытанне.

Юлія Цяльпук belsat.eu