Аб'ектыў 15.01.2018 Яшчэ адзін мост зламаецца? Гомельцы: усім страшна


Знакамітыя масты свету – амаль трохкіламетровы «Golden Gate Bridge» у Сан-Францыска, пабудаваны 80 гадоў таму, ці больш як стогадовы Таўэрскі мост у Лондане. Айчынныя канструкцыі ў гэты пералік напэўна не трапяць. Бо разбураюцца нават праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля ўзвядзення.

На чарговую, патэнцыйна небяспечную пабудову на Гомельшчыне натрапілі нашыя журналісты. Гэта – мост над чыгункаю Гомель – Рэчыца, пабудаваны на аб’язной дарозе Магілёў – Чарнігаў каля 20 гадоў таму. Ці не баяцца мясцовыя жыхары хадзіць ці ездзіць па гэткіх занядбаных канструкцыях?

«Усім страшна. Але што зробіш, калі ў нас такое кіраўніцтва?».

«Нам ладна, за дзяцей страшна».

«Ведаючы і ўлічваючы, што ўсё навокал можа быць у падобным стане, мне падаецца, гэты фактар можна адкінуць і спадзявацца на лепшае».

– кажуць людзі.

Небяспечнымі ў гэтым рэгіёне ўжо прызналі два масты

Мост праз Сож у Гомлі і праз Дняпро ў Рэчыцы. На першым, што на трасе М8 каля вёскі Бабовічы, на пачатку студзеня абмежавалі праезд аўтаў вагою больш за пяць тонаў. Прычына – непрыдатнасць арматуры праз карозію ў адным з блокаў.

Паводле прадстаўніка «Гомельаўтадару», дадатковай інфармацыі аб прычынах разбурэння мастоў пакуль няма. Таксама не вядома, колькі часу зоймуць рамонтныя працы і колькі будуць каштаваць падаткаплатнікам. Мы задалі чыноўніку пытанне, ці можна было пазбегчы заняпаду канструкцыяў?

«Не, ну вы так кажаце: калі б што-небудзь рабілі ці не рабілі… Усе працы праводзіліся. Падтрыманне вялося», – даводзіць Дзяніс Ясько.

Рух па мосце над Дняпром у Рэчыцы забаранілі цалкам

Транспартавы паток перанакіравалі на суседні мост.

«Такія рэчы, як стварэнне інфраструктуры, дзе, як звычайна, выкарыстоўваюцца бюджэтныя грошы, толькі бюджэтныя грошы, там не трэба эканоміць, трэба, каб адкрытыя працэсы былі. Каб гэта ўсё адбывалася на вачах у грамадства, якое плаціць падаткі», – прапаноўвае выйсце з сітуацыі эканаміст Мікалай Новікаў.

Тэма разбурэння мастоў гарачая для Беларусі

«Белсат» ужо распавядаў аб прызнанні аварыйнаю канструкцыі над меліярацыйным каналам у горадзе Чашнікі.

На пачатку снежня ў раёне Жыткавічаў перакрылі мост праз Прыпяць. Афіцыйная версія разбурэння – няўдалы савецкі праект.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары