Ярмошынскія каруселі


Паводле незалежных назіральнікаў, падчас гэтай выбарчай кампаніі быў увесь набор парушэнняў: і прымусовае датэрміновае галасаванне, і рассылка запрашэнняў на выбары для памерлых, і ўкідванне бюлетэняў, і непразрысты падлік. Але навінка сезону – каруселі, шматкротнае галасаванне.

Яны думалі, што іх не пазнаюць. Звычайныя настаўніцы, падатковыя інспектары ды іншыя бюджэтнікі паводзілі сябе, як таемныя агенты – хадзілі невялікімі групамі, у размовы не ўступалі, ад камераў хаваліся. Але іх выкрылі былыя вучні.

«На мой участак прыйшло 4 чалавекі, якія раней працавалі ў школе №30, дзе я вучылася, прагаласавалі. Потым яны спусціліся ўніз, на 87 участак, і зрабілі тое самае. Гэты факт зафіксаваны на відэа», – распавядае назіральніца з Бабруйску (участак № 86) Вікторыя Поляк.

86-ты і 87-мы выбарчыя ўчасткі месцяцца ў бабруйскай школе нумар 20. Удалым аказалася і паляванне на карусельшчыкаў ля 22-й школы. Там бабруйскія блогеры і палітычныя актывісты знялі на відэа, напрыклад, вось гэтыя падазроныя «Жыгулі» з надпісам «Сацыяльная служба».

Але потым, калі блогеры прасачылі за машынай, кіроўца прызнаўся – у адміністрацыі яму загадалі вазіць жанчын між школамі. Яны выходзяць па дзве, галасуюць, потым едуць далей.

Знайшліся і іншыя аўтамабілі, што вазілі чыноўніц між бабруйскімі школамі. У адміністрацыі раёну «Белсату» заявілі, што такім чынам Сацыяльная служба дапамагала пенсіянерам.

«Вы кажаце нейкую лухту, фактаў парушэння выбарчага заканадаўства ў нас не было… А калі маеце факты – звяртайцеся да праваахоўных органаў!», – прапануе Валянціна Ліхачова, намесніца старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Бабруйску.

Пакатацца на ярмошынскіх каруселях аказалася не так і цяжка.

Як высветліў менскі актывіст Дзяніс Краўчук, калі ў пашпарт паставіць алоўкам пэўны лічбавы код, то можна прыйсці на розныя выбарчыя ўчасткі, і камісія цябе прыме за свайго.

Дзеля эксперыменту Дзяніс прагаласаваў на трох участках, але на трэцім не вытрымаў, і спытаў, чаму ўвогуле гэта магчыма. Чальцы камісіі зразумелі – прыйшоў чужак!

«Яны сказалі, што гэта нейкая памылка, і яны мяне занясуць мяне ў нейкі спіс, і я не буду там галасаваць», – кажа актывіст грамадзянскай кампаніі «Дзея» Дзяніс Краўчук.

Масавым было і прыпісванне колькасці грамадзянаў, якія прыйшлі галасаваць.

«У Рагачове без сораму старшыня выбарчай камісіі звярнулася да сябра выбарчай камісіі, якая злавіла за руку злодзеяў, якія займаліся фальсіфікацыяй, і сказала: вы ж не назіральнік, вы сябра камісіі, мы атрымалі загад – накруціць яўку», – мяркуе каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карнеенка.

Магілёўскі назіральнік Юрый Дарашэнка дагэтуль у шоку – выбарчая камісія, створаная з працаўнікоў магілёўскага тралейбуснага парку №1, не толькі не прыняла ягоныя заўвагі да разгляду. Наадварот – яму анулявалі акрэдытацыю і сілай выпхнулі на вуліцу.

«Кожны з іх чальцы арганізаванай групы па фальсіфікацыі выбараў. Кіруе гэтай групай старшыня ўчастковай камісіі Сіняўская Святлана Уладзіміраўна. Гэта намеснік гендырэктара па ідэалагічнай і кадравай працы», – распавядае назіральнік на выбарчым участку №152 у Магілёве Юрый Дарашэнка.

Навошта гэта робіцца, калі парогу яўкі на гэтых выбарах не было? Як лічаць незалежныя назіральнікі, сёлетнія фальсіфікацыі могуць быць трэніроўкай да магчымых выбараў прэзідэнта ў наступным годзе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»