Ярмошына патлумачыла, што чальцы выбарчых камісіяў разгубіліся


Як самую канфліктную і скандальную ацаніла Лідзія Ярмошына сёлетнюю выбарчую кампанію. Старшыня ЦВК абвінаваціла незалежных назіральнікаў у ціску на сябраў выбарчых камісіяў. Жорстка караць тых, хто заўважыў хібы ў працы камісіяў, паабяцаў раней і Аляксандр Лукашэнка. Якія наступствы будзе мець гэткая незадаволенасць кіраўніка краіны і старшыні ЦВК?

«Алег Іванавіч, вы здзяйсняеце парушэнне, вы адмаўляецеся паведамляць яўку! – Я вам забараняю! – Не кранайце, калі ласка, мой тэлефон!»

Сябры выбарчых камісіяў разгубіліся перад нахабнікамі, заявіла Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканалу ОНТ. Нахабнікамі старшыня Цэнтрвыбаркаму акрэсліла незалежных назіральнікаў:

«З моманту з’яўлення назіральнікаў АБСЕ, заходніх назіральнікаў, асабліва кароткатэрміновых, пэўныя палітычныя сілы сталі спрабаваць даказаць і паказаць усяму свету, што ў нас усё вельмі дрэнна».

Колькі назіральнікаў выдалілі з выбарчых участкаў?

у 2015 – 36

у 2016 – 53

у 2019 – 105

105 назіральнікаў – рэкордную колькасць камісіі выдалілі сёлета з выбарчых участкаў. Гэта ўдвая больш, чым падчас папярэдняй парламенцкай кампаніі.

Адным з іх стаў Юры Вашчанчук з Берасця. Ён засняў, як настаўніца пачатковай школы спрабавала ўкінуць цэлы стос бюлетэняў. Адбылося ўсё на ўчастку, дзе старшыня камісіі – дырэктар гэтай самай школы.

Лідзія Ярмошына і Аляксандр Лукашэнка абараняюць тых, хто будзе лічыць галасы на прэзідэнцкіх выбарах, мяркуе палітолаг Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Гэта сігнал з боку ўладаў, што фальсіфікацыі – абароненыя, што можна такія фальсіфікацыі праводзіць, і ў выпадку чаго старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі ды нават сам прэзідэнт будуць заступацца».

Камісіі лічаць так, як галасуюць людзі, або так, як кажуць улады? Мы запыталіся ў жыхароў Менску:

«Зусім не падлічваюць, наагул. Пішуць тыя лічбы, якія ім спускаюць зверху».

«Калі прэзідэнт кажа, што роўна 30 адсоткаў трэба абраць жанчын, і роўна столькі абіраюць – то пра што казаць?!»

«Нічога там ніхто не накручваў. Мала таго, яны ўсе былі такія добрыя, ветлівыя!»

«Калі я галасаваў, людзей не было, і потым, калі вярнуўся, – не было, а потым аказалася, што прагаласавала 70 адсоткаў!»

Прагаласавала 77 адсоткаў, прычым кожны трэці – датэрмінова, адсправаздачыўся Цэнтрвыбаркам. Андрэй Ягораў, як і назіральнікі кампаніі «Права на выбар», афіцыйныя лічбы аспрэчвае:

«Ніколі не было такой масавай фальсіфікацыі датэрміновага галасавання. Хоць і раней былі лічбы значныя, але гэтым разам 30-40 адсоткаў. Такога мы яшчэ не бачылі. І гэта спатрэбілася, каб імітаваць высокую яўку выбарцаў, якой не было. І мы можам нават думаць, што гэтыя выбары насамрэч не адбыліся».

Ілюзію высокай яўкі і грамадскага падтрымання выбаркамам трэба стварыць і на больш важных прэзідэнцкіх выбарах. Падчас іх, на думку Андрэя Ягорава, ад слоўных пагрозаў у бок назіральнікаў улады могуць перайсці да пераследу.

Аляксандр Папко belsat.eu