Ярмошына: Палепшым выбарчае заканадаўства пасля выбараў


Калі сачыць за тым, як Лідзія Ярмошына каментуе змены ў выбарчае заканадаўства, ствараецца ўражанне, што ў Цэнтрвыбаркаму ў гэтай тэме як увосень: на дзень пагод восем.

Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК:

25 красавіка 2016: «…мы вернемся да пытання аб паляпшэнні выбарчага заканадаўства пасля выбараў».

1 лютага 2018: «Рэформа выбарчага заканадаўства прыпыненая».

23 лютага 2018: «Вельмі магчыма, што крокі па рэфармаванні выбарчага заканадаўства будуць. Пэўныя прапановы ёсць».

2 кастрычніка 2018: «Рэформы ў выбарчым заканадаўстве немагчымыя без зменаў у Канстытуцыю».

Мантру пра тое, што пад наступныя выбары абавязкова будуць прынятыя змены ў выбарчае заканадаўства, беларусы і міжнародныя арганізацыі чуюць ужо не першае дзесяцігоддзе. Факт, асобныя змены прымаюцца, але не тыя, на якіх, напрыклад, настойвае АБСЕ – найбольш аўтарытэтная, са словаў Ярмошынай, арганізацыя ў гэтым пытанні. Цяпер жа тэма эканомікі нашмат больш актуальная, чым прапраўкі ў Выбарчы кодэкс, сцвярджае Ярмошына. Віталь Цяганкоў, палітычны аглядальнік радыё «Свабода»:

«Існая машына ўлады ў Беларусі дасягнула такога ўзроўню, што можа правесці выгадны для сябе рэферэндум на любым эканамічным фоне. Калі Аляксандр Лукашэнка рабіў рэферэндум пра працягненне сваіх паўнамоцтваў, каб адмяніць абмежаванне па тэрмінах, то гэта таксама праходзіла не на самым лепшым эканамічным фоне».

Таму згадка Лідзіі Ярмошынай пра рэферэндум у кантэксце змены заканадаўства гучыць хутчэй як спроба знайсці прычыну, каб нічога не мяняць, або прынамсі адкласці гэтае пытанне на як мага пазней. Юрась Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»:

«Беларускія ўлады абсалютна не зацікаўленыя ў зменах у выбарчае заканадаўства, хіба толькі гэтыя змены пагоршаць і без таго дрэнную сітуацыю для палітычных партыяў і апазіцыі, якая ўдзельнічае ў выбарах».

Цягам 2017 года адмысловая міжведамасная група з удзелам прадстаўнікоў АБСЕ займалася распрацоўваннем зменаў у выбарчае заканадаўства. Некаторыя з прапановаў, сапраўды, патрабуюць зменаў у Канстытуцыю. Напрыклад, прызначэння кіраўніка ЦВК і паловы чальцоў выбарчае камісіі асабістым подпісам прэзідэнта краіны. Але цяжка паверыць, што Лукашэнка пайшоў бы на адмену такога прывілею, заўважаюць адмыслоўцы. Павел Знавец, юрыст, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання:

«У нас краіна жыве па дэкрэтах і ўказах Лукашэнкі. Канстытуцыя – гэта намінальная кніжка, якая не мае практычна ніякай намінальнай сілы. Краіна і яе чыноўнікі падпарадкаваныя адной асобе. А таму Ярмошына будзе казаць тое, што ёй кажа Лукашэнка».

Варта прыгадаць, што калі ў 2012-м улады сутыкнуліся з кампаніяй байкоту парламенцкіх выбараў з боку часткі апазіцыі, адпаведныя змены, каб байкот больш ніколі не паўтарыўся, былі прынятыя без шматгадовых абмеркаванняў і рэферэндумаў.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM