Ярмошына абараняе фальсіфікатараў ад назіральнікаў


Ідзе трэці дзень датэрміновага галасавання, а публічная прастора поўніцца скандаламі. Паказнікі ўдзелу ў датэрміновым галасаванні б’юць усе рэкорды, незалежных назіральнікаў выкідаюць з выбарчых участкаў, а бюлетэні, наадварот, масава ўкідваюць. І менавіта сам працэс – галоўны на парадку дня, а не палітычныя партыі ды праграмы.

Паводле Цэнтрвыбаркаму, за першыя два дні датэрміновага галасавання бюлетэні ў скрыні кінулі больш за 11 % выбарцаў. Толькі сам працэс галасавання выклікае шмат пытанняў. Напярэдадні зʼявілася відэа ад назіральнікаў з Берасця, на якім маладая жанчына спрабуе ўкінуць пачак бюлетэняў у скрыню для галасавання. Але старшыня ЦВК не на баку тых, хто гэтае парушэнне зафіксаваў.

«Самая галоўная праверка – гэта пазбаўленне гэтага назіральніка акрэдытацыі. Ён здзейсніў злоснае парушэнне закону – і грамадзянскага, і выбарчага. Па-першае, нікога нельга здымаць – ні дзяўчат, ні юнакоў, без іхнай згоды. Здымаць на выбарчым участку можна толькі са згоды старшыні выбарчай камісіі. Ён не зрабіў нічога гэтага. Нельга круціцца каля скрыні для галасавання. І тым больш нельга нічога патрабаваць у грамадзянаў – ён што, участковы оперупаўнаважаны?», – заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Паводле назіральнікаў кампаніі «Права выбару», асноўнае парушэнне – неадпаведнасць колькасці тых, хто прагаласаваў у пратаколе камісіі, і звестак назіральнікаў, якія ўвесь час застаюцца на ўчастку.

«Назіральнікі ад Руху за свабоду фіксуюць непасрэдна на тэрыторыі 107 выбарчай акругі такія інцыдэнты. Лічбы камісіі адлюстроўваюцца ў пратаколах па выніках кожнага дня. І гэта ёсць падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Бо гэта фальсіфікацыя афіцыйнага дакументу. Ёсць артыкул 192 крымінальнага кодэксу, які гаворыць пра парушэнні на выбарах, ёсць артыкул 427 – гэта службовы падлог», – кажа старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

У той жа момант, паводле маніторынгавай групы Беларускай асацыяцыі журналістаў, дзяржаўныя медыі рабілі ўсё магчымае, каб звяртаць мінімум увагі на выбары.

«Абсалютна было б добра, калі б інфармацыя, калі і які кандыдат па якой акрузе ў які сам выступіць на тым ці іншым тэлеканале, ці па тым ці іншым радыё. Зразумела, што гэта немагчыма зафіксаваць у праграме перадач, але тое мажліва зрабіць на сайце. І гэтая інфармацыя не была выкладзеная», – адзначае кіраўнік групы маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка.

У той жа момант, апошнія два дні можна назіраць актывізацыю дзяржаўных медыяў у асвятленні выбарчага працэсу.

«Сэнс гэтай актывізацыі ў тым, каб змабілізаваць выбарцаў, каб яны прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Важна стварыць такую масавасць удзелу людзей у выбарах», – лічыць кіраўнік групы маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка.

Але гэтая інфармацыя – звычайна тэхнічнага характару, кажа эксперт. Пра фальсіфікацыі ды парушэнне заканадаўства дзяржаўнае тэлебачанне не распавядзе.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu