Яраслаў Раманчук пра шанец Беларусі да энергетычнай незалежнасці


У Расеі трэба набываць толькі 30-40 % нафты, 60 % – няважна дзе, але за сусветныя кошты: такое заданне на адмысловай нарадзе паставіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўніцтва краіны не шукае лёгкіх шляхоў. Беларусь закупіла першую партыю нарвежскай нафты, якая прыбудзе праз Літву чыгункаю.

Калі нафта не ідзе ў нафтаправодзе, яна плыве па моры. Беларусь купіла чорнае золата ў Нарвегіі. Да нас яно трапіць праз клайпедскі порт і чыгунку.

Яшчэ ў кастрычніку міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус казаў «Белсату», што ягоная краіна гатовая дапамагчы з пастаўкамі нафты:

«Калі мы знойдзем вельмі канкрэтныя спосабы, то будзем з задавальненнем у гэтым браць удзел. Я так разумею, што ў беларускага боку ёсць патрэба ў дыверсіфікацыі».

Аляксандр Лукашэнка зноў пацвердзіў гэтую патрэбу і на адмысловай нарадзе зазначыў: нафта з Расеі павінна складаць не больш за 40 %.

«Адсоткаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і адсоткаў 30 – праз Украіну, правераны ўжо шлях. Магчыма, Казахстан зможа паставіць нам нафту, калі Расея пагодзіцца з гэтым».

Цяпер у Літве кажуць, што гатовыя дапамагчы не толькі з нафтай, але і газам:

«Звадкаваны газ на рынку цяпер значна таннейшы за трубаправодны газ, які пастаўляецца «Газпромам» у Еўропу», – заўважае Рытас Стасяліс з Асацыяцыі літоўскіх энергетычных кампаніяў.

У наступным месяцы шэф літоўскай дыпламатыі абмяркуе пастаўкі энерганосьбітаў з Уладзімірам Макеем падчас свайго візіту ў Менск. У літоўскай парламенцкай апазіцыі мяркуюць: перамовы неабходна звязаць з прынцыповым для Літвы пытаннем Астравецкай АЭС. Аб’ект месціцца за 50 кіламетраў ад Вільні, літоўцы трывожацца пра бяспеку сталіцы.

«Калі Менск будзе бачыць, што ім трэба літоўскі транзіт і дапамога Літвы, вядома, мы будзем гаварыць і пра электрастанцыю. Павінныя гаварыць!» – настойвае дэпутат Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

Абʼём першай партыі закупленай нарвежскай нафты – 80 тысяч тонаў. Гэта кропля ў моры запланаваных патрэбаў, кажуць эксперты. Для параўнання з Расеі сёлета прагназавалі пастаўкі ледзь не 2 мільёнаў тонаў кожны месяц. 750 тысяч тон згадзіліся прадаць кампаніі расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева.

І хоць і ў меншым, чым раней, абʼёме НПЗ аднавілі экспарт беларускіх нафтапрадуктаў.

«Усё ж такі пастаўкі нафты на нашыя заводы пайшлі. З рухам сыравіны адпаведна ідзе і прадукцыя», – пацвердзіў нам прэс-сакратар «Белнафтахіму» Аляксандр Цішчанка.

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, кіраўніка навукова-даследчага цэнтру Мізэса, закуп нарвежскай нафты можна назваць першым, пакуль яшчэ сімвалічным крокам да энергетычнае незалежнасці:

«Не ў кантэксце, што мы ўвогуле адмовімся ад расейскай нафты, а ў тым, што ў нас будзе 3-4 крыніцы паставак нафты, і такім чынам мы будзем працаваць у рэжыме, які не адпавядае прыніжальнаму для нас статусу эмірату Расеі».

На думку адмыслоўца, для энергетычнай бяспекі Беларусі варта не толькі дыверсіфікаваць крыніцы энерганосьбітаў, але і разбіць манаполію «Белнафтахіму» такім чынам, каб у паліўным пытанні было больш свабоднага рынку і бізнесу, а менш палітыкі.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu