Яны знайшлі загінулую вёску – і вось, што зрабілі. Былыя жыхары не маглі стрымаць слёз


Былыя жыхары вёскі Чырвоны Кастрычнік ізноў наведалі яе ў ліпені 2019-га. Фота – «Белсат»

Вёсцы Чырвоны Кастрычнік, што на Гомельшчыне, менш за сто гадоў. За гэты час яно перажыла і буйны рост, і заняпад, і новае нараджэнне ў якасці арт-вёскі. Пры дапамозе трох неабыякавых гамельчукоў.

«Мы прыехалі сюды, калі ён быў амаль пусты. Не засталі тут мясцовых жыхароў. Мы не ведалі, ні хто тут жыў, ні як тут жылі, чым людзі займаліся. Хто заснаваў, хто будаваў паселішча», – кажа заснавальнік арт-вёскі Зміцер Янкоў.

У вёсцы маладзёны не сеюць і не пашуць. Іхнае жніво – інтэрнэт. Але, кажуць, што хочуць адчуваць сувязь пакаленняў з былымі жыхарамі. Для гэтага яны запрасілі іх на малую радзіму, каб даведацца – чым раней жыў Чырвоны Кастрычнік.

«Мы ж малыя выраслі. З шасці гадоў працавалі ў полі. Дапамагалі бацькам. Пайшлі ў першы клас – у вёсцы лічылі, што ўжо дарослы» – распавядае былы жыхар вёскі Мікалай Пінчукоў.

Паводле былых жыхароў, вёску заснавалі на пачатку 20-ых гадоў мінулага стагоддзя. У найлепшыя часы тут жылі каля 150 чалавек.

Глядзіце рэпартаж Яна Вярбіцкага ў поўным выданні навінаў за 28 ліпеня

Фатаграфіі і жывыя гісторыя – сродкі, каб нагадаць той час. А каб гэтая памяць не загінула, на месцах былых дамоў усталёўваюць шыльдачкі з інфармацыяй аб былых гаспадарах.

«Далей быў дом. Дзед мой жыў, потым мой айцец і я. Гузаў Якаў Паўлавіч. Ну а потым я ў Рэчыцу з‘ехаў», – распавядае адзін з былых жыхароў вёскі.

Рэчыца ўсяго за 13 кіламетраў ад Чырвонага Кастрычніку. Лёс жа раскідаў шмат якіх былых сялянаў нават не па Беларусі – па ўсім свеце. Таму пры сустрэчы з малою радзімай эмоцыі цяжка стрымаць.

«Прыгадваеш, якім быў маленькі і потым большы, большы. І на сённяшні дзень. Вярнуць бы гэта ўсё, хоць бы гадоў на 30», – скрозь слёзы пасміхаецца былы жыхар вёскі Мікалай Пінчукоў.

Але каму настальгія, а каму сучаснасць і будучыня. Новыя жыхары паселішча перабудавалі загінулую вёску ў арт-прастору на адкрытым паветры. Яны ладзяць творчыя пікнікі, фестывалі ды экскурсіі. Тут збіраюцца мастакі і фатографы, а таксама тыя, хто проста стаміўся ад гораду.

«Нейкая мітусня. А тут жа прыехаў – хочаш тут лёг, хочаш там лёг. Хочаш пайшоў душ прыняў, абсох, як кажацца. Таму тут свабода» – распавёў наведнік вёскі Мікалай Новікаў.

Сустрэча пакаленняў аб’яднала былых і новых жыхароў паселішча. Яны кажуць – такія сустрэчы стануць традыцыяй. Аб іншых імпрэзах, якія ладзяцца ў арт-вёсцы, можна даведацца праз інтэрнэт – сучасныя жыхары вядуць сацыяльныя сеткі, дзе дзеляцца жыццём Чырвонага Кастрычніка.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»