Яны ўсю ноч думалі, як зрабіць Магілёў лепшым


Юрась Плоткін прадставіў на «Re:kolа» праект парталу «Рашала»

24-гадзінны крэатыўны марафон для ініцыятыўных маладых людзей адбыўся ў магілёўскім грамадскім цэнтры «Кола».

Крэатыўны марафон ідэяў у магілёўскім грамадскім цэнтры «Кола» згуртаваў вакол сябе журналістаў і фатографаў, інжынераў і музыкаў, пісьменнікаў і падарожнікаў, каб правесці содні ў добрай кампаніі ды зрабіць свой горад лепшым. Удзельнікі вучыліся зручнаму і прыгожаму добраўпарадкаванню, арганізацыі культурніцкіх грамадскіх імпрэзаў ды стварэнню медыярэсурсаў.

«Каб ідэі, якія ў нас нараджаюцца, не забываліся, не залежваліся, не знікалі. Методыка простая: ёсць ідэя – збірай каманду, абмяркоўвайце і рабіце. І ўсё. І ўсё будзе рухацца наперад, і ўсім будзе шчасце», – кажа арганізатар «RE:KOLA» Дзяніс Васількоў.

Відэаверсію матэрыялу глядзіце ў поўным выданні навінаў за 17 лютага:

Тых, хто думае адкрыта ды гатовы прыдумляць, а затым увасабляць ідэі, назбіралася тры каманды. У кожнай – свой план для гораду. Да прыкладу, каманда праваабаронцаў магілёўскай «Вясны» закцэнтавалася на праблемах з масавымі імпрэзамі: сустрэчы або забараняюць, або зганяюць на іх пад прымусам. У якасці развязання скарысталіся прыкладам бліжэйшых суседзяў – гэтак паўстаў яркі і сучасны праект «Манстрацыя».

«Гэта такая арт-спроба выказаць свае думкі ў нейкім абсурдным выглядзе. То бок людзі кажуць пра тое, што ім набалела не наўпроставымі словамі, а праз нейкую арт-адаптацыю: гульня словаў, цікавая карцінка ці яшчэ штосьці», – кажа суаўтар праекту Аляксандр Буракоў.

А вось аўтары праекту «Рашала» бачаць праблему ў адсутнасці гарадскога навіннага парталу, дзе б для кожнай праблемы была асобная старонка.

«Каб людзі не толькі даведваліся аб праблемах, але і самі маглі паўдзельнічаць у іх рашэнні – гэта могуць быць варыянты рашэнняў праз каментары, гэтак і ў выглядзе нейкіх рэальных дзеянняў», – кажа суаўтар праекту парталу «Рашала» Юрась Плоткін.

А як кожны чалавек можа паўплываць на рашэнне праблемы, ведаюць аўтары праекту «Гейміфікацыя» – яны робяць стаўку на ўжыванне гульняў.

«Галоўнай мэтай было забраць паркоўку, якая стала пешаходнаю, у аўтамабіляў, якія працягваюць туды ездзіць. І зрабіць з яе гульнявую пляцоўку з парклетамі, велапаркоўкай, арэлямі, дзе людзі могуць адпачыць ды пагуляць – паўзаемадзейнічаць з горадам», – кажа суаўтар праекту «Гейміфікацыя» Аляксандр Сідарэўскі.

Усе праекты пасля імпрэзы арганізатары абяцаюць апублікаваць – каб кожны мог дадаць у прапанову сваё. Галоўнае – захацець, перакананыя арганізатары.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»