«Яны спецыяльна кідалі гранаты, дзе паболей людзей»


Учора па ўсёй краіне людзі выйшлі на марш – Народны ўльтыматум. Нягледзячы на тое, што гэта быў апошні заклік да Лукашэнкі добраахвотна сысці і спыніць гвалт у дачыненні беларускага народу – праходзіў марш мірна. Сутычкі з сілавікамі пачаліся ўвечары па вуліцы Арлоўскай.

«Мы дайшлі да перакрыцця дарогі на мосце ў раёне РНПЦ «Маці і дзіця». Далей была рэзідэнцыя. Мы хацелі прайсці дадому, на самой справе, рэшткі калоны, бо заставалася ўжо не шмат. Дайшлі да перакрытай дарогі – і ладна, пачалі разыходзіцца. У асноўным людзі пайшлі налева ў парк», – распавядае Юрый, удзільнік маршу і сведка сутычкі на вуліцы Арлоўскай.

У гэты ж момант, паводле Юрыя, у хвост калоны пачалі пад’язджаць аўтобусы і аўтазакі, але пад ціскам людзей яны хутка рэціраваліся. Кадры з тым, як сілавікоў наганяюць людзі, паказвалі ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў. Калона ж павярнула ў адваротны бок, дзе сустрэла ачапленне ля РУУС Цэнтральнага раёну.

«Калі мы вярнуліся і пастараліся з імі зблізіцца, адсунуць, бо іх было няшмат, чалавек дваццаць. Вось тады першая граната ўзарвалася прама сярод людзей. Там паміж двух дамоў быў калідор, куды ўсе пайшлі. Людзі толькі казалі: «Не бяжыце, ідзіце, каб не падавіць» – бо даўка была б добрая. І вось туды між двух дамоў закінулі гранату – першую», – прыгадвае хлопец.

Затым у ход пайшлі і гумовыя кулі. Людзі пачалі хавацца ад абстрэлу за будынкамі.

Менавіта тут, у дварах, сілавікі намагаліся заціснуць рэшткі ўдзельнікаў маршу, калі людзі ўжо вярталіся дадому. Ужываючы святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі, страляючы проста ў спіны.

На жаль, не абышлося без пацярпелых. Сам Юрый пашкодзіў нагу пасля няўдалага саскоку з плоту з калючым дротам, праз які ён дапамагаў перабірацца незнаёмым дзяўчатам. Глыбокае рассячэнне скуры на галаве атрымаў журналіст нашага каналу.

«Я пабег з людзьмі, атрымліваецца, налева. Там была вузкая прастора паміж плотам і домам, я прытармазіў, а хваля людзей, якая бегла ззаду, піхнула мяне на бэльку, якая была нізка над галавой», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

Журналіста забралі валанцёры, якія і аказалі яму медычную дапамогу – прамылі рану і наклалі швы. Згодна з інфармацыяй ад медыкаў, па дапамогу з траўмамі рознай складанасці на цяперашні момант звярнулася болей за 20 чалавек. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, па краіне ўчора затрымалі 523 асобы.

Міжнародны камітэт для расследавання катаванняў у асобе беларускіх праваабаронцаў звярнуўся ва ўпраўленне Следчага камітэту па Менску з патрабаваннем завесці крымінальныя справы па факце прымянення зброі супраць мірных дэманстрантаў. Нагадаем, што пакуль не адкрылі ніводнай крымінальнай справы па выпадках гвалту і збіцця людзей падчас жнівеньскіх акцыяў.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu