«Яны класныя». Менчукі ратуюць кажаноў


Кажаны, якіх знаходзілі ў пад’ездах, на вуліцах ды ў снезе, правялі зімовы адпачынак ў цэнтры рэабілітацыі «Кажанаполіс» у адмысловых кватэрах-мяшэчках. Каб ні ратавальнікі ды звычайныя людзі, якія прыносілі адмыслоўцам маленькіх істотаў, рукакрылыя б загінулі.

«Гэта кажаны, якія прачнуліся і самастойна не змаглі б увайсці ў спячку. Таму іх трэба было ўводзіць у такі стан з паніжэннем тэмпературы і змяшчаць у лядоўню», – кажа Карына Салавей з «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

Відэарэпартаж з Парку Чалюскінцаў глядзіце ў поўным выданні навінаў за 24 сакавіка

Сёння яны вяртаюцца да жыцця: каб паглядзець на маленькіх кажанчыкаў ды самім адпусціць іх на волю пасля спячкі, у сталічны парк Чэлюскінцаў прыйшла процьма людзей.

«Як толькі пабачыла ў інтэрнэце, што будуць выпускаць кажаноў, адразу пастанавіла пайсці і паглядзець. Яны вельмі класныя», – кажуць наведнікі.

«Мы вельмі паглыбіліся ў рознага кшталту гаджэты, а хочацца быць бліжэй да прыроды», – кажа іншы менчук.

«Аднойчы ў вакно заляцеў кажан, і з тых часоў я імі цікаўлюся», – распавядае дзяўчына.

«Спачатку палохалі, а потым мне спадабаліся», – кажа хлопчык.

Адмыслоўцы кажуць, што ратаваць іх вельмі важна, бо самкі нараджаюць за год усяго аднаго-двух кажанятак. Да таго ж восем з 19 відаў рукакрылых занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

«Галоўная пагроза для кажаноў сыходзіць ад чалавека. Ад стаўлення чалавека да кажаноў. То бок людзі ўспрымаюць іх як нешта шкоднае і нешта дрэннае, нешта агіднае. І адная з нашых мэтаў – паказаць, што гэта зусім не так», – кажа хіраптэролаг Аляксей Шпак з Цэнтру рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс».

Сёлета ў цэнтры рукакрылых «Кажанаполіс» зімавалі каля 30 кажаноў, пераважна гэта былі такія віды, як паўночны кажан і двухколерны. Перад увядзеннем у спячку жывёлінаў узважылі, правялі агульны агляд, а ўжо вясной, перад выпускам на волю – напаілі ды накармілі.

Віталь Бабін, «Белсат»