Яны чакалі, каб паглядзець «Чарнобыль» у першы раз па-беларуску


Прэм’ера «Чарнобылю» адбылася шостага траўня, а праз паўтара месяца серыял паказваюць на беларускай мове і на вялікім экране. Квіткі разышліся за некалькі гадзінаў, а некаторыя чакалі менавіта перакладу, каб паглядзець серыял.

На 200 месцаў у зале было больш за тысячу заявак яшчэ да закрыцця рэгістрацыі. Да гэтага вечара большасць гасцей не глядзелі «Чарнобыль», а прыйшлі сюды менавіта праз беларускі дубляж:

«Увогуле не гляджу ні серыялы, ні кіно. А вось гэта была добрая прычына, каб паглядзець».

«Мы з дзецьмі не размаўляем на беларускай, нам цяжка. І гэта такі варыянт падцягнуць мову».

«Я паглядзела ў інтэрнэце па-расейску. І зараз прыйшла паглядзець на вялікім экране на беларускай мове, бо гэта будзе нешта выбітнае».

Рэпартаж Марыі Грыц глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 чэрвеня

Паўтара месяца спатрэбілася кампаніі velcom-a1, каб дамовіцца з медыягігантам «HBO», на платформе якога выйшаў «Чарнобыль», і ўласна перакласці ўсе пяць эпізодаў серыялу. Кіраўнік праекту адзначыў, што «Velcom-A1» не мог абмінуць найбуйнейшай трагедыі ў найноўшай гісторыі Беларусі

«Гэта добрая мастацкая стужка, якая дазволіць нам, тым, хто памятае, – успомніць, як гэта было, а тым, хто не нарадзіўся, ці быў яшчэ маленькі, – паведаць, што магло здарыцца з нашай краінай і з суседнімі», – распавёў Антон Бладзік, намеснік гендырэктара «Velcom-A1».

На паказ «Чарнобылю» завіталі і тыя, хто непасрэдна працаваў над беларускамоўнай версіяй і захоўваў атмасферу кіно ў перакладзе.

З «Чарнобылем» у нас гэта выдатна атрымалася. Той нуар прыгожы, які ёсць у фільме, застаўся і ў нашай агучцы. Вельмі добра атрымалася», – адзначыў гукарэжысёр студыі дубляжу «13» Андрэй Міронаў.

«Чарнобыль» атрымаў найвышэйшыя адзнакі ад гледачоў і крытыкаў ужо пасля першых эпізодаў, абышоўшы нават «Гульню тронаў». Серыял упадабалі 96–98 % гледачоў розных стрымінгавых платформаў.

Hавiны
Ліквідатары ЧАЭС распавялі, чаго бракуе серыялу «Чарнобыль»
2019.06.03 10:21

Той, хто не трапіў на беларускамоўны паказ першага эпізоду ў кіно, можа зладзіць сабе сеанс дома праз «Вока ТВ».

Марыя Грыц, «Белсат»