«Яны будуць узмацняць паранойю ўлады». Міліцыя змагаецца з белым і чырвоным колерамі


У Беларусі забаранілі вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі на вокнах, але жыхары раёнаў прынцыпова адмаўляюцца іх здымаць

Чатыры мікрааўтобусы з сілавікамі і шасцёра затрыманых. Так пачалася сённяшняя раніца ў двары дому на Чыгуначнай 44 у Менску. У мясцовай жыхаркі Наталлі Бондаравай падчас затрыманняў знік муж.

«Мне вядома толькі то, што ён паехаў адвазіць дзіця ў садок. І калі вяртаўся, ужо зразумеў, што людзей арыштоўваюць, і пачаліся вобшукі. Ён дамовіўся з братам сваім пабачыцца. Пасля гэтага ён перастаў выходзіць на сувязь», – хвалюецца жонка зніклага Наталля Бондарава.

Мянчук Арцём бачыў, як людзей выводзілі з пад‘езду, а следам неслі сканфіскаваныя рэчы.

«Неаднаразова бачыў, як міліцыя стаяла. Тут людзі вывешваюць стужачкі. І двое з міліцыі заўсёды назіралі. Як наглядальнікі назіралі, а іншыя двое зразалі стужачкі», – распавядае Арцём.

Пацярпеў за сімволіку і пенсіянер з гомельскіх Чонак Міхаіл Русак. Колішняга міліцыянта пакаралі штрафам 15 базавых велічыняў. Ён размясціў сцяг на ўласным доме і плоце ды не пагаджаўся прыбраць сімволіку, як таго патрабавалі міліцыянты.

«Вось я намаляваў пасля гэтага на плоце паласу. Што яны мне могуць зрабіць? Гэта мой дом. Яны мне сказалі, што, я не падтрымліваю ў належным стане дом. А падкажыце мне, якое належна», – запытваецца пенсіянер.

Вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі ды іншую нацыянальную сімволіку на сваіх гаўбцах ды вокнах і раней было небяспечна. Цяпер гэта прыраўнялі да несанкцыянаванага мерапрыемства. Палітык Юрый Губарэвіч у адказ падаў заяўку ў Менскі гарвыканкам на пікет на сваім гаўбцы з удзелам нуля асобаў.

«Я лічу, што такое патрабаванне, яно абсалютна незаконнае. І міліцыя, калі ўрываецца ў кватэры грамадзянаў ды затрымлівае, пагражае і не толькі пагражае, а прыцягвае да адказнасці паводле артыкулу 23.34,выходзяць за межы закону. Кожны грамадзянін мае права ў сваёй кватэры, у любой каляровай гаме рабіць усё, што заўгодна, любыя інсталяцыі», – мяркуе старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Нават у такіх умовах татальнай забароны пратэсты жывуць. Толькі набываюць іншую форму.

«Яны будуць узмацняць паранойю ўлады. Яны будуць выклікаць больш смеху. Бо, ведаеце, змаганне з зефірамі або з, не ведаю, жэле таму, што яно бел-чырвона-белага колеру… Я думаю, можа, з салам яшчэ будуць змагацца», – мяркуе журналіст і публіцыст Андрэй Пачобут.

Нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг сёлета аб’яднаў пратэстоўцаў, тым самым атрымаў другое жыццё.

Надзея Бельская, «Белсат»

Напішы журналістам