Якую цану плацяць беларусы за кару смерці?


Закрытыя дзверы да эканамічнай і палітычнай супрацы з Захадам – для ўладаў, а для беларусаў – менш шанцаў на абарону сваіх правоў у міжнародных інстанцыях. Такую цану Беларусь плоціць за наяўнасць смяротнага пакарання. Чаму Менск не пагаджаецца яго скасаваць? Напярэдадні сусветнага дня барацьбы са смяротным пакараннем пра яе адмену ў нашай краіне дыскутавалі на паседжанні Камітэту правоў чалавека ААН ды на гомельскіх вуліцах.

Газета «Народная воля», а на яе старонках – аргументы супраць смяротнага пакарання. Сваю акцыю на вуліцах Гомля праваабаронцы прымеркавалі да паседжання Камітэту правоў чалавека ААН. На гэтым паседжанні ў Жэневе ўлады Беларусі ўпершыню за 20 гадоў прэзентавалі афіцыйны даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.

Андрэй Стрыжак, праваабаронца, прафсаюзны актывіст:

«У гэтай газеце напісаная інфармацыя пра тое, што такое смяротнае пакаранне, чаму яго не павінна быць у беларускім грамадстве, якія наступствы яно нясе».

Беларусь – гэта адзіная краіна Еўропы, дзе дасюль існуе смяротнае пакаранне. Напрыканцы 90-ых гадоў яго адмянілі нават такія аўтарытарныя дзяржавы, як Туркменістан ці Узбекістан.

Адмена смяротнага пакарання:

  • Расея – 1996 год
  • Эстонія – 1998 год
  • Латвія – 1996 год
  • Літва – 1998 год
  • Польшча – 1988 год
  • Украіна – 1988 год
  • Беларусь – дзейснае сёння

Андрэй Палуда, праваабаронца:

«Яно замінае палітычна нашай краіне. Яна не можа ўдзельнічаць у пэўных палітычных і эканамічных еўрапейскіх праектах. А таксама яно абсалютна не патрэбнае нашаму грамадству, яно не ёсць стрымальным фактарам, не ўплывае на папярэджанне злачынстваў».

Аргументы за адмову ад смяротнага пакарання:

  • Імавернасць судовай памылкі
  • Неэфектыўнасць для папярэджання злачыннасці
  • Захаванне інстытуту прафесійных забойцаў
  • Культываванне жорсткасці ў грамадстве

Асноўных прэтэнзіяў да смяротнага пакарання тры: негуманнасць, неэфектыўнасць і немагчымасць выправіць памылку. А памылкі ў беларускай сістэме правасуддзя – не рэдкасць. У 2003-ім годзе жыхара Менскага раёну Міхаіла Гладкага прысудзілі да турэмнага тэрміну за забойства брата, якога той не здзяйсняў. Сапраўднага забойцу знайшлі толькі праз 8 гадоў. Адмена смяротнага пакарання зробіць беларускае грамадства больш гуманным, а самых грамадзянаў – больш абароненымі, мяркуюць беларускія праваабаронцы.

Андрэй Палуда, праваабаронца:

«Мы, грамадзяне Беларусі, трапляем у еўрапейскую сістэму каштоўнасцяў і абароны правоў чалавека. Мы зможам звяртацца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека, калі не зможам на нацыянальным узроўні сваіх правоў адстаяць».

Пытанне «калі Беларусь увядзе мараторый на выкананне смяротных прысудаў» чакана задалі беларускай дэлегацыі на сённяшнім паседжанні Камітэту правоў чалавека ААН у Жэневе. Алег Агееў, юрыст, праваабаронца:

«На розных міжнародных пляцоўках яны кажуць аднолькавыя рэчы. Яны кажуць, што адмена смяротнага пакарання сёння не ёсць тым пытаннем, за якім большасць беларускага грамадства стаіць».

Колькасць смяротных прысудаў у Беларусі:

  • 1995 год – 37
  • 2000 год – 4
  • 2015 год – 5
  • 2017 год – 5

З пачатку дзвюхтысячных у краіне выносяцца ў сярэднім 4 смяротныя прысуды за год. Гэтую суворую кару, якая мае моцнае сімвалічнае значэнне, падтрымліваюць крыху больш за палову беларусаў.

Жыхары Гомля:

«Калі ён забіў чалавека – яго да сценкі трэба ставіць, усё!»

«Забойства мусіць карацца забойствам! Ніяк інакш – асабліва калі два-тры разы забіваюць».

«Калі Амерыка адмовіцца, усімі сваймі штатамі, тады і мы адмовімся».

«Людзі любяць, калі іх сурова караюць».

«Адназначна трэба скасоўваць смяротнае пакаранне – без варыянтаў!»

«За дваццаць гадоў ён шмат што ўсвядоміць і выправіцца. Я вам кажу як чалавек, якія сам быў у месцах пазбаўлення волі. Неабавязкова яго расстрэльваць!»

На думку адмыслоўцаў, скасаваць архаічнае на фоне рэшты Еўропы смяротнае пакаранне ўладам Беларусі перашкаджае не меркаванне свайго народу, а адсутнасць палітычнае волі. Большасць суседзяў Беларусі адмаўляліся ад смяротнага пакарання, каб інтэгравацца ў еўрапейскія структуры. Менск інтэгравацца з краінамі Еўропы пакуль не жадае, а адмену смяротнага пакарання ў найлепшым выпадку разглядае як тавар, які можна Еўропе выгадна прадаць.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: imago / Xinhua / FORUM