Якую небяспеку ўяўляе каронавірус для братоў нашых меншых?


Калі на хатнім каранціне, то лепей з пухнатым сябрам. Строгая ізаляцыя, якую праз пандэмію каронавіруса зазналі ўва ўсім свеце, паспрыяла актыўнаму «усынаўленню» жывёлінаў з прытулкаў.

«У мінулыя выходныя мы пабачылі павелічэнне выпадкаў адаптацыі амаль на 300 адсоткаў па ўсім штаце Новы Паўднёвы Ўэльс. Гэта проста цудоўна!» – Кажа Стыў Коўлмэн, старшыня Каралеўскай супольнасці для перадухілення жорсткага абыходжання з жывёлаю з Аўстраліі.

У Беларусі ж актывісты, якія ператрымліваюць жывёлінаў, адзначаюць, што працаваць падчас эпідэміі стала складаней. Людзі не гэтак ахвотна пагаджаюцца браць да сябе згубленых катоў і сабакаў. Але вось у гомельскім прытулку «Астравок надзеі» назіраюць іншую карціну.

«Просяць, тэлефануюць, пакуль мы ўдома: «Дайце, дайце». Але ўсё ж такі нашае насельніцтва не гатовае да такога. Калі інфармацыі за мяжою больш, яны больш адказна ставяцца да таго, што не трэба выходзіць з дому, што трэба нейкія захады рабіць, то нашыя – не. Яны не гатовыя ні да віруса, ні да таго, што трэба сядзець удома», – кажа Святлана Ашэка, стваральніца прытулку для пацярпелых жывёлінаў «Астравок надзеі».

У «Астраўку надзеі» апасаюцца захворвання персаналу, праз што даглядаць жывёлінаў не будзе каму. А вось у магчымасць заражэння гадаванцаў тут не вераць. Між тым, першы вядомы выпадак заражэння каронавірусам жывёліны ад чалавека зафіксавалі ў насельніка Заапарку ў Бронксе ў Нью-Ёрку – чатырохгадовага малайскага тыгра. Апроч стандартных даследаванняў, тыгру зрабілі тэст на COVID-19. Хваробу ў выніку выявілі ня толькі ў яго, але і ў некалькіх іншых львоў і тыграў.

«Гэта падзея, якую мы перажываем, заражэнне нашых львоў і тыграў, сапраўды ўнікальная. Я не думаю, што існуе рызыка для шмат якіх іншых відаў жывёлы. Мы, вядома, будзем вывучаць гэты працэс. Але пакуль бачым, што жывёліны пераносяць хваробу ў вельмі лёгкай форме», – мяркуе Полі Калі, галоўны ветэрынар заапарку ў Бронксе ў Нью-Ёрку.

Гэтаксама лабараторныя даследаванні пацвердзілі, што заразіцца COVID-19 могуць хатнія каты. Сабакі ж больш устойлівыя да віруса. Але ці можа заразіцца ад жывёліны чалавек? На думку ветэрынара Ліліі Раманоўская, наўрад ці чатырохногія могуць хварэць на тую ж форму віруснай інфекцыі, што і чалавек.

«Калі раптам атрымалася, што ў кагосьці ў сям’і выявілі каронавірус, то сапраўды ёсць доказ таго, што вірус можа распаўсюджвацца разам са слінаю, з чханнем, але гэта адзіныя доказы, якія могуць казаць пра тое, што жывёліны могуць пераносіць вірусную інфекцыю», – кажа ветэрынар «ПоліВетЦэнтру» у Гомлі Лілія Раманоўская.

А таму, калі і існуе рызыка заражэння чалавека ад жывёлінаў, то мінімальная. Каб забяспечыць сябе пасля кантакту з сабакам ці катом, дастаткова мыць рукі.

Юлія Лабанава, «Белсат»