Якой быць Беларусі: прэзідэнцкай ці парламенцкай?


Грамадская канстытуцыйная камісія – гэта дасведчаныя палітыкі, юрысты, былыя дэпутаты і чыноўнікі. Летась яны паставілі задачу: вярнуць Канстытуцыі моц, павагу і значнасць праз распрацоўку і зацвярджэнне зменаў і паправак.

«У Беларусі абмяркоўваецца, што Лукашэнка хоча змяніць Канстытуцыю. І гэта ўсё адбываецца таемна ад грамадства – ніхто не ведае, што там. І таму Грамадская канстытуцыйная камісія працуе над тым, каб была альтэрнатыва. Каб была Канстытуцыя для людзей і для краіны, а не для галоўнага кіраўніка», – кажа Аляксандр Дабравольскі, сябра камісіі, былы дэпутат Вярхоўнага савету СССР.

Напярэдадні Дня Канстытуцыі 15 сакавіка чальцы Грамадскай камісіі падвялі прамежкавыя вынікі працы.

«Праграма канстытуцыйных пераўтварэнняў» – адзін з праектаў зменаў у Асноўны закон краіны, над якімі цяпер працуе Грамадская канстытуцыйная камісія. Аўтар альтэрнатыўнага праекту – прафесар Міхаіл Пастухоў – у новай рэдакцыі Канстытуцыі прапаноўвае адмяніць інстытут прэзідэнцтва і вярнуць у Беларусь парламенцкую форму кіравання.

«Гэта найбольш дэмакратычная форма кіравання, якая ўсім забяспечвае роўнасць, свабоду, спакой, раздзяленне галінаў улады, вяршэнства законаў, павага да правоў чалавека, прызнанне міжнародных стандартаў – гэта ідэальная форма, на мой погляд», – перакананы прафесар, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Канстытуцыю Беларусі прынялі ў 1994 годзе. За час свайго прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка двойчы змяняў Асноўны закон у выніку рэферэндумаў 1996 і 2004 гадоў. Таму грамадская камісія схіляецца браць за аснову першапачатковую Канстытуцыю, без змяненняў і дапаўненняў.

«Уявіце сітуацыю: заўтра няма Лукашэнкі і што ў нас ёсць? А ёсць легітымны Вярхоўны Савет, ёсць законна прынятая Канстытуцыя 1994 года. І такім чынам, мы вяртаемся да Канстытуцыі 1994 года і абмяркоўваем, што там змяніць. Прыходзіць іншая палітычная рэальнасць – дзеля гэтага і варта збірацца і яе абмяркоўваць», – мяркуе дэпутат Вярхоўнага савету ХІІІ склікання Павел Знавец.

Чальцы Грамадскай камісіі кажуць, што неабходнасць у альтэрнатыўным праекце новай Канстытуцыі асабліва вострая ў святле чарговых выклікаў незалежнасці нашай краіны, а таксама канстытуцыйнага крызісу ў шэрагу паслясавецкіх краінаў, у тым ліку – у Расеі.

«Яны там спазніліся: Пуцін паставіў усіх перад фактам – не паспелі нават у апошні вагон. Мы ж распачалі гэтую працу ўжо год назад і за гэты час маем напрацоўкі і камунікацыі з Канстытуцыйнымі судамі Літвы, Украіны і рознымі міжнароднымі інстытуцыямі. Спадзяёмся, што атрымаем іх рэцэнзіі і высновы», – кажа кіраўнік Цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Грамадская канстытуцыйная камісія таксама прымае прапановы грамадзянаў у стварэнні Канстытуцыі новай Беларусі.

Галіна Абакунчык, «Белсат»