Якой будзе вакцына супраць Covid-19

У Расеі зарэгістравалі дзве вакцыны супраць Ковід-19.

Напрыканцы года Цэнтр імунабіялагічных прэпаратаў імя Чумакова паабяцаў яшчэ адну – ужо трэцюю з ліку – вакцыну. У Расеі рэгістрацыя адбываецца вельмі хутка – расказвае мікрабіёлаг Ірына Якуценка. Паводле яе, перад афіцыйным допускам прэпарату даследаванні правялі на невялікай колькасці добраахвотнікаў.

Усе тры вакцыны – рознага тыпу, і гэта вельмі добра, бо няма ўпэўненасці, што «вектарная» вакцына і тыя, якія былі зробленыя ў іншых краінах, будуць працаваць і не будуць мець недахопаў. Дрэнна тое, што ўсе тры вакцыны, хоць трэцяй пакуль няма, рэгіструюцца з парушэннем усіх правілаў рэгістрацыі лекавых сродкаў.

Выпрабаванні на людзях праходзяць не толькі ў Расеі, але і ў Кітаі. У Гон-Конґу прапаноўваюць прэпарат падвоенага дзеяння: супраць грыпу і каронавіруса, пры тым у выглядзе спрэю – яго трэба пырскаць праз нос. У кантынентальнай частцы Кітаю эксперыментальную вакцыну прадаюць – кошт шэсцьдзесят долараў. Даследаванне яшчэ не закончылася, але ёсць чарга з ахвотных.

Да канца кастрычніка абяцаюць завяршыць частковыя выпрабаванні вакцыны і ў ЗША. Пра гэта паведаміў фармацэўтычны гігант «Файзэр». Адразу дзве амерыканскія лабараторыі плануюць пачаць вытворчасць напрыканцы лістапада. Барацьба з каронавірусам, якую Доналд Трамп называе «кітайскім», – адзін з галоўных пунктаў ягонай перадвыбарчай кампаніі. Прэзідэнт расказаў сваім прыхільнікам, што вакцына з’явіцца, мажліва, яшчэ да дня галасавання.

Рыхтуюцца да вакцынацыі і міжнародныя структуры. Дзіцячы фонд ААН збірае мільярд шпрЫцаў для ўвядзення прэпарату. Стварыць неабходныя запасы плануюць у наступным годзе.

Але ёсць і іншыя меркаванні. Галоўны навуковы дарадца брытанскага ўраду Патрык Вэланс лічыць, што вакцына наўрад з’явіцца ў Вялікай Брытаніі да канца вясны, і яе з’яўленне не ўратуе чалавецтва ад каронавіруса.

Ян Маравецкі belsat.eu

Глядзі таксама