Якія плюсы ў спрошчанага візавага рэжыму, акрамя візы за 35 еўраў?


Прадстаўніца Еўразвязу ў сферы замежных справаў і палітыкі бяспекі Фэдэрыка Магерыні раптоўна адмяніла свой візіт у Менск. І гэта не адзіная дыпламатычная сенсацыя. Не прыедуць у Беларусь таксама кіраўнікі дыпламатыі Літвы, Латвіі ды Польшчы. Якая прычына, і ці паўплывае гэта на перамовы аб таннейшых шэнгенскіх візах для беларусаў?

Заўтра ў Менск з прычыны ўдзелу ў пахаванні легенды польскай антыкамуністычнай апазіцыі Корнэля Маравецкага не прыедзе міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч. Следам стала вядома пра адмену візіту Фэдэрыкі Магерыні – прадстаўніцы Еўразвязу ў замежных справах ды палітыцы бяспекі.

«З жалем паведамляем, што візіт Фэдэрыкі Магерыні (…) адкладаецца праз шэраг зменаў у парадку дня розных удзельнікаў і па выніках абмеркаванняў з Беларуссю як прыймовым бокам», – было пазначана ў афіцыйным паведамленні Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.

Пазней свой удзел у менскай сустрэчы ў межах «Усходняга партнёрства» скасавалі міністры замежных справаў Літвы і Латвіі – Лінас Лінкявічус ды Эдгар Рынкевіч.

«На мой погляд, за такою дыпламатычнаю фармулёўкай можа стаяць той факт, што Аляксандр Лукашэнка з нейкіх прычынаў не запланаваў у сваім графіку сустрэчы са спадарыняй Магерыні. І яна палічыла, што ў такім выпадку сэнсу ехаць няма», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Віцэ-міністр замежных справаў Алег Краўчанка, адказваючы на пытанне журналіста «Белсату» Сяргея Пелясы падкрэсліў, што сустрэчу не адмянілі, а толькі перанеслі. Паводле крыніцаў Радыё Свабода, сарваў сустрэчу асабіста Лукашэнка, бо затрымаецца па-за межамі Беларусі, відавочна, ва Украіне.

«Наўрад ці гэта ідзе менавіта з Менску. Менск акурат зацікаўлены ў дастаткова высокіх кантактах з Еўрапейскім Звязам», – лічыць аналітык з Цэнтру еўрапейскае трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Для грамадзянаў найбольш чаканы вынік высокіх кантактаў – падпісанне пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме і рэадмісіі.

Праз 2 месяцы пасля падпісання шэнгенскія візы для беларусаў маюць патаннець да 35 еўраў, максімальны час разгляду справы будзе складаць 10 дзён, бясплатныя візы будуць атрымліваць дзеці да 12 гадоў, а таксама тыя, хто едзе з адукацыйнымі або некамерцыйнымі мэтамі, не маючы 25 гадоў.

Плюсы спрошчанага рэжыму:

– кошт візы €35

– выдача візы цягам 10 дзён

– бясплатныя візы для дзяцей да 12 гадоў

– бясплатныя візы для адукацыйных і навуковых мэтаў

– бясплатныя візы для некамерцыйных мэтаў і прадстаўнікоў НКА да 25 гадоў

Беларускі бок гатовы падпісаць пагадненне, еўрапейскі яшчэ не скончыў усіх працэдураў. Пытанне, ці паўплывае перанос высокай сустрэчы на падпісанне такога істотнага дакументу?

«Калі палітычная згода ўжо ёсць, і ўсе спрэчныя моманты ўзгодненыя, то падпісанне адбудзецца ў любы зручны час. Гэта не тая праблема», – мяркуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog».

Аднак, на думку Андрэя Ягорава, адкладанне візіту Магерыні…

«…хутчэй за ўсё гэта знак таго, што дакументы не будуць падпісаныя ў найбліжэйшым часе. То бок давядзецца чакаць некалькі месяцаў, магчыма, яшчэ больш доўгі тэрмін».

А гэта пагражае тым, што з 2 лютага беларусы маюць плаціць за шэнгенскую візу не 35 і нават не 60, а 80 еўраў. Менавіта такі новы тарыф вызначаны для краінаў, якія не маюць пагаднення аб спрошчаным візавым рэжымам з Еўразвязам.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Фота: Mudrats Alexandra / TASS / Forum