Якім мае быць дасканалы Магілёў будучыні?


Кожны хоча жыць ва ўтульным і зручным горадзе, аднак задаволеныя сваёй гарадскою прасторай далёка не ўсе. Магілёўцы вырашылі ўзяць ініцыятыву ў свае рукі – абмеркаваць развіццё гораду разам і падказаць чыноўнікам, якім мусіць быць Магілёў будучыні.

Магілёў – горад прыгожы, і ён вабіць, але… не ідэальны для жыцця. Зрабіць яго больш дасканалым і зручным вырашылі гараджане ды сабраліся, каб абмеркаваць гарадскія праблемы і свае прапановы.

Ініцыятар сустрэчы магілёўцаў – Цэнтр гарадскіх ініцыятываў, дзякуючы намаганням якога ў горадзе шмат што змянілася да лепшага. Але няма межаў дасканаласці.

Дар’я Паўчына, удзельніца сустрэчы:

«У першую чаргу, мне здаецца, што нашаму гораду не хапае нейкай разыначкі. Тых месцаў, якія б адрознівалі Магілёў ад усіх іншых. Гэта нейкія арт-абʼекты, нейкія сапраўды стромкія месцы, якія не сорамна паказаць турыстам, што прыязджаюць у наш горад. Ды і ў прынцыпе нам самым паглядзець, што цікавага ёсць у нашым горадзе. І, вядома, гэта месцы для вольнага часу, куды ўвечары з кампаніяй або са сваякамі прайсціся паглядзець, адпачыць».

У гараджанаў – ідэі ды разуменне таго, што трэба дзеля зручнага жыцця, ва ўладаў жа – гарадскі бюджэт. Таму толькі супольнымі высілкамі горад можна зрабіць камфортным для жыцця.

«У Магілёве ў першую чаргу, як я магу заўважыць, трэба больш фарбаў. Мы гэта сёння ўжо ўбачылі на прэзентацыі ідэяў, якія былі агучаныя. Таму што Магілёў сапраўды шэры, у параўнанні з астатнімі гарадамі Беларусі. І нам трэба дадаваць вось гэтую вось унікальнасць», – кажа ўдзельніца сустрэчы Таццяна Алекса.

Яшчэ больш шэрасці дадаў гораду і дэпутат Ігар Марзалюк, які нядаўна ўрачыста адкрыў парэнчы, здзівіўшы магілёўцаў тым, што не заўважыў важнейшых праблемаў. Хоць магілёўцы не стамляюцца нагадваць пра іх чыноўнікам. Гарадскі актывіст Аляксандр Лазараў:

«Я лічу, што яны, вядома, у курсе нашых спадзяванняў. Але яны нашыя пажаданні, прапановы жыхароў гораду не лічаць сваёй праблемай. Ва ўладаў ёсць свой план дзеянняў, нейкія прагнозныя паказчыкі, і яны працуюць у гэтым кірунку».

Але і магілёўцы склалі ўласны план развіцця гораду ў розных сферах. Прапановы і праекты перададуць гарадскім уладам з надзеяй, што чыноўнікі прыслухаюцца да меркавання тых, хто любіць і ўдасканальвае свой родны горад.

Дарʼя Чульцова, belsat.eu