Навошта ў перапісе пазначаць роднай мовай беларускую?


Пазнач роднай моваю беларускую – дэвіз кампаніі «Белсату» «Беларускамоўны», да якой далучыліся Беларускі ПЭН-цэнтр, «Арт Сядзіба», крамы «Symbal.by» і «ЛСТР», Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і кампанія «Будзьма беларусамі!»

Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара «Белсату», распавядае:

«Кампанія звязаная менавіта з перапісам насельніцтва. Для нас вельмі істотна, каб нашыя землякі пазначалі роднай мовай беларускую. Мы выступаем за тое, каб беларуская мова мела такі ж самы статус, як і руская, што ў прынцыпе зацверджана Канстытуцыяй, але, на жаль, не выконваецца ў штодзённым жыцці. Мы заклікаем да гэтага ў эфіры і на вуліцах Беларусі, дзе кожны можа падкрэсліць сваю адметнасць з дапамогаю брэнду «Беларускамоўны».

Павел Белавус, дырэктар «Symbal.by»:

«Мы дорым людзям торбачкі «Беларускамоўны», але не проста «прыйдзі і атрымай», а таксама спрабуем людзей матываваць, каб у сваіх сацсетках яны ў тым ліку расказалі на сваю аўдыторыю, чаму яны пазначылі ці пазначаць роднай мовай беларускую».

У сваю чаргу, «Арт Сядзіба» разаслала СМС з заклікам пазначаць роднаю мовай беларускую. А дэлегаты кангрэсу Міжнароднага ПЭН-цэнтру адзінагалосна прынялі рэзалюцыю з патрабаваннем да ўладаў Беларусі выконваць замацаваную ў Канстытуцыі роўнасць моваў. Міжнародныя ж кампаніі заклікалі надаць больш увагі беларускамоўнаму кантэнту.

Таццяна Нядбай, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру:

«Мы проста павінны спланаваць нашую дзейнасць так, каб абапіраючыся на гэтае меркаванне аўтарытэтных арганізацыяў, людзей пераканаць Google у тым, каб ён падтрымаў рэкламу на беларускай мове, пераканаць беларускія ўлады ў тым, што важна зрабіць для беларускай мовы спрыяльныя ўмовы для развіцця, для існавання».

У пытанні нумар 12 у перапісе зазначаецца: маўляў, родная мова – тая, якую першай засвоілі ў дзяцінстве. Ува ўмовах білінгвізму з беларускімі асаблівасцямі такое тлумачэнне лішняе, кажуць удзельнікі кампаніі. Алесь Снег, дырэктар «Арт Сядзібы»:

«Для многіх беларуская мова стала роднай не з дзяцінства, не з першых словаў. А ў школьныя, студэнцкія ці дарослыя часы. Таму адказваць на пытанне, як яно правільна гучыць: «Ваша родная мова». Калі б у нас сапраўды было пытанне «Першая мова, засвоеная ў дзяцінстве», то гэта ўжо іншае. А калі нас пытаюць «Якая ваша родная мова?», мы адказваем: «Наша родная мова – беларуская».

Каму прыйдзе ў галаву сказаць, што родная мова таго ж Пушкіна – не расейская? Хоць і выхаваўся ён на французскай мове.

Беларуская – адна з найстаражытнейшых моваў Еўропы. Першыя кнігі былі надрукаваныя на ёй больш за 500 гадоў таму нашым славутым земляком Францішкам Скарынам. Яна перажывала і залаты век, і час забароны. Цяпер для захавання нашай мовы не абавязкова хапацца за зброю. Проста пазначце беларускую сваёй роднай мовай падчас перапісу насельніцтва. Як зраблю гэта і я разам са сваймі роднымі.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu