Як зразумець, што па той бок слухаўкі махляр?


Выгодна, калі грошы з банкаўскай карты здымаеш сам, але трошкі лішняй інфармацыі ў размове з незнаёмым – і фінансы кантралюеце ўжо не вы. 5 сакавіка адразу некалькі банкаў паведамілі пра новую хвалю махлярства. Да прыкладу, «Прыёрбанк» разаслаў кліентам у мэсэнджарах папярэджанне пра абзвон ашуканцамі. У паведамленнях банк мяркуе, што выцек звестак адбыўся ў інтэрнэт-краме «Joom».

«Нярэдка злачынцы тэлефануюць праз мэсэнджары з замежных нумароў. Таксама трэба быць уважлівым да нумара тэлефона, з якога тэлефануе злачынца. Нумар тэлефону можа быць на 1-2 лічбы адрознівацца ад афіцыйнага нумару банку», – паведаміў пра тое, як адрозніць званок злачынцы, Станіслаў Курыцын, кіраўнік праўлення маніторынгу электроннага бізнесу і эквайрынгу «Альфа-Банку».

На прыкладзе размовы жанчыны з ашуканцам, апублікаванай на партале «Тут.бай», разам з экспертам мы абмяркуем, як не застацца падманутым. Цяпер усё часцей махляры выкарыстоўваюць схему, калі паведамляюць, што з вашаю картаю праблема. Тады яны запытваюць персанальныя звесткі, каб нібыта заблакаваць картку ці інтэрнэт-банкінг. Махляр: «Вы памятаеце логін, пад якім вы заходзіліся ў інтэрнэт-банкінг?». Пракаментаваў захад злачынцы старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб:

«Логін, як і пароль належыць да той інфармацыі, якой ніколі не будуць цікавіцца працаўнікі банку. Да гэтай жа інфармацыі належыць код з трох лічбаў, які захоўваецца на адваротным баку карты. Да выключна персанальнай інфармацыі належыць любыя коды пацверджання, якія прыходзяць праз СМС».

Работнік жа банку мусіць і без званка ведаць вашае прозвішча, пашпартныя звесткі, суму грошай на карце і тое, якія менавіта карты мае кліент. Калі працаўнік задае такія пытанні, можаце быць упэўненыя: з другога боку – махляр. Жанчына: «Я ўспамінаць нічога не буду, я лепш пад’еду ў банк, і мы разбяромся з гэтым пытаннем». Вадзім Іосуб каментуе:

«Абсалютна правільная рэакцыя. Як толькі ў чалавека зʼяўляецца падазрэнне, што ён мае дачыненне з махлярамі, ці чуе пытанні, якія яму не павінен задаваць банк, ён мусіць як мага хутчэй спыніць размову, пры гэтым, сапраўды, пасля гэтага можна ці самастойна патэлефанаваць, ці пад’ехаць у банк».

Ні ў якім выпадку не ператэлефаноўвайце махляру. Паводле звестак Следчага камітэту, у 2019 годзе з дапамогаю кампʼютарнай тэхнікі адбылося амаль 6 тысячаў крадзяжоў з рахункаў. Часам махляры рассылаюць СМС ці паведамленні ў сацыяльных сетках са спасылкамі. Калі вы пяройдзеце праз адну з такіх, на смартфон ці ноўтбук самастойна ўсталюецца праграма для крадзяжу персанальнай інфармацыі. Мы папярэдзілі, а вы будзьце ўважлівыя.

Дзіяна Рактевіч, «Белсат»