Як зрабіць грамадскі транспарт хуткім, танным ды экалагічным?


Агульнаеўрапейскую праблему можна развязаць шляхам павелічэння экалагічна чыстага наземнага транспарту і змяншэння колькасці прыватных легкавікоў. Да такой высновы прыйшлі зацікаўленыя грамадскія арганізацыі падчас Менскага ўрбаністычнага форуму, які прайшоў у сталіцы Беларусі пры падтрыманні Еўрапейскага Звязу.

Зараз адмыслоўцы заклапочаныя пытаннямі – як пераканаць улады развіваць альтэрнатыўныя сродкі руху, а аўтааматараў заахвоціць перасесці на грамадскі транспарт.

Імклівая масавая аўтамабілізацыя – сярод галоўных транспартавых праблемаў Менску. Як вынік – коркі на дарогах і загазаваныя вуліцы. Развязаць праблему адмыслоўцы прапаноўваюць коштам якаснага паляпшэння грамадскага транспарту, кажа сябра «Менскай урбаністычнай платформы» Андрэй Карпека:

«Гэта, вядома, выкарыстанне электрычнага транспарту, але мы спадзяемся, што яно не скончыцца толькі выкарыстаннем электрабусаў, а будзе таксама выкарыстана павелічэнне трамвайных маршрутаў. Але з часоў незалежнасці ніводнага новага трамвайнага шляху ў горадзе не пабудавалі».

Грамадскія арганізацыі звярталіся да адмыслоўцаў з прадпрыемства «Менскграда» ды шэрагу іншых праектных інстытутаў. Эксперты пагаджаюцца: трамвайныя шляхі неабходна разбудоўваць, аднак чыноўнікі з Менгарвыканкаму прымаць такое рашэнне не спяшаюцца, кажа Андрэй Карпека:

«На жаль, гэтыя планы застаюцца папяровымі, і дзяржава пакуль не імкнецца разбудоўваць трамвайныя сеткі, укладаючы максімальныя сродкі ў будаўніцтва метро. Гэта, насамрэч, нашмат даражэй. Мы спадзяёмся, што будуць падставы для валявога палітычнага рашэння таго, што транспартавую сетку, а менавіта трамвая, трэба будзе павялічыць».

Апроч таго, транспартавую нагрузку на дарогах мае зменшыць больш масавае выкарыстанне ровараў. Але пакуль на ровары менчукі перасядаюць неахвотна, кажа дырэктар «Менскага роварнага таварыства» Анастасія Янчэўская:

«Мы ўпіраемся ў грамадскае суб‘ектыўнае меркаванне шмат якіх гараджанаў пра тое, што аўтамабіль – гэта мая заслуга, мой камфорт, і я павінны ездзіць аўтамабілем. І гэтае суб’ектыўнае меркаванне, характэрнае вельмі шмат якім жыхарам Беларусі, пераносіцца на асобы, якія прымаюць рашэнні ў гарадской адміністрацыі».

Але ці гатовыя менчукі перасесці са сваіх уласных аўтаў калі не на ровары, то хоць бы на грамадскі транспарт?

«У мяне ёсць асабісты аўтамабіль, але я езджу грамадскім транспартам – мне так зручна».

«Вядома, асабістым транспартам – хутчэй. Менавіта хуткасць уплывае на тое, каб выбраць гэты транспарт».

«Вядома, лепш свой аўтамабіль – так хутка, мабільна, надзейна, ну і больш камфортна».

«Я вось цяпер, да прыкладу, еду не на сваім асабістым аўтамабілі, а трамваем. Бо мне так прасцей і хутчэй дабрацца».

«Мне зручна трамваем – калі я еду а пятай вечара, то шмат «коркаў». Машыны стаяць, а трамваі едуць».

Каб заахвоціць гараджанаў перасесці з легкавікоў на трамваі ды тралейбусы, трэба шмат высілкаў, у тым ліку фінансавыя ўкладанні, кажуць эксперты. Гэтак, у Таліне грамадскі транспарт зрабілі бясплатным. У Менску ж кошт праезду пакуль толькі павышаецца.

Галіна Абакунчык, belsat.eu