Гандаль ва ўмовах пандэміі


Прадаўцы ў масках, антысептыкі на ўваходах і раздзяляльныя паласы. У сувязі з імклівым распаўсюдам вірусу, крамам і гандлёвым кропкам рэкамендуецца ўвесці шэраг прафілактычных мераў. Адныя з месцаў масавай канцэнтрацыі людзей – гэта рынкі. Адзін з найбуйнейшых – сталічны рынак Камароўка. Як тут змянілася сітуацыя ў сувязі з каронавірусам?

Адразу на ўваходзе вісіць дазатар з антысептыкам, іх жа маюць і шмат якія прадаўцы. А наведнікаў істотна паменела.

«Людзі баяцца заходзіць на Камароўку. Некаторыя пакупнікі, пастаянныя кліенты просяць, каб мы вынеслі, узважылі і вынеслі на вуліцу сала кавалак», – кажа Анатоль, прадавец сала.

«Трохі пакупнікоў стала менш, большасць прыходзіць у масках, мы самі пальчаткі надзенем, часам маскі надзяваем», – гаворыць іншая прадавачка, Кацярына Парфёнава.

На сезонным рынку людзей крыху болей. Адміністрацыя парэкамендавала прадаўцам садавіны і гародніны ў мэтах бяспекі не дазваляць пакупнікам набіраць тавар самастойна.

«Або людзі ходзяць у пальчатках, тады выбірайце, або я кажу: «У мяне пальчаткі, я пакладу, а вы пагледзіце». Недзе праз пакет стараюцца, недзе са сваймі пальчаткамі ўжо прыходзяць, але хто без пальчатак, то я не дазваляю», – кажа прадавачка гародніны Ксенія Ігнатава.

«Мыем рукі, прымаем, вось у нас сродак ёсць, апрацоўваем стол, у пальчатках працуем, так што мы неяк абароненыя», – кажа прадавачка Марыя Тарас.

А ці баяцца людзі прыходзіць на Камароўку? Наведнікі рынку:

«Я толькі на адкрыты рынак. Яблычкаў хочацца смачненькіх».

«Імунітэт у мяне моцны, усё добра, я займаюся спортам, правільнае харчаванне, мне не страшна».

«Вось узяла цялежку, каб набраць і больш не хадзіць».

У сталічных крамах і супермаркетах гэтаксама вісяць антысептыкі і абвесткі з просьбаю трымацца далей адно ад аднаго. Увесці гэткія захады рэкамендаваў Менгарвыканкам.

«У аддзелах абслугоўвання, дзе збіраюцца чэргі, мы папрасілі нанесці раздзяляльныя палосы і наклеіць абвесткі. Увесь гандаль зацікаўлены ў тым, каб выконваць прафілактычныя захады і мінімізаваць рызыкі», – казала кіраўніца галоўнага ўпраўлення гандлю Менгарвыканкаму Ніна Емельянава.

Працаўнікі шмат якіх крамаў носяць маскі, а ў крамах буйной гандлёвай сеткі «Green» развесілі аднаразовыя пальчаткі. Цяпер там усе хлебабулачныя вырабы прадаюць асобна запакаванымі.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Фота: Вячаслаў Пракофьеў / ТАСС / Forum