Як змянілася стаўленне да школаў?


Настасся Рывуцкая напярэдадні 1 верасня забрала асабістую справу сваёй дачкі з менскай сярэдняй школы нумар 84. Гэтак сямʼя пастанавіла адзінагалосна ў адказ на паводзіны адміністрацыі навучальнай установы і настаўнікаў падчас датэрміновага галасавання ды ў дзень выбараў. А тое, што класная кіраўніца была ў складзе камісіі, зрабілася для Рывуцкіх апошняю кропляю.

«Я сама асабіста прыходзіла і бачыла, як назіральнікі сядзелі на ганку, хаця па законе мусяць быць унутры і весці назіранне такім чынам, каб хоць штосьці бачыць. Пасля выбараў мы прыйшлі пад школу чакаць вынікаў, чакалі дзве гадзіны. Затым нам агаласілі пратаколы, два з якіх не былі ўвогуле нікім падпісаныя, такім чынам яны не зʼяўляюцца дакументамі. Для мяне гэта факт, які сцвярджае, што пра чэснасць гаворкі не вядзецца», – узгадвае Настасся Рывуцкая, маці вучаніцы 4 класу.

Атмасфера недаверу, што паўстала ў дачыненні настаўнікаў, выкладчыкаў ды адміністрацыяў сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў, – цалкам натуральны працэс палітызацыі грамадства, лічыць аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.

«Будуць і канфлікты паміж бацькамі і адміністрацыяй, дзецьмі і настаўнікамі, альбо, наадварот, будзе братанне там, дзе камісіі шчыра галасы палічылі. Гэта сітуацыя адлюстроўвае ўсё, што існуе ў грамадстве ўвогуле на такім школьным узроўні. Гэта цалкам непазбежна. І любыя ідэі, што школы па-за палітыкай, – штучная рэч», – тлумачыць аналітык BISS Вадзім Мажэйка.

Падагрэла справу і тое, што навучальны працэс у школах адышоў на другі план: настаўнікі з педагогаў ператварыліся ў назіральнікаў за дзецьмі. Пра гэта добра ведае былая настаўніца расейскай мовы і літаратуры з Гомля Ганна.

«Настаўнік, акрамя таго, што ён настаўнік, яшчэ і нейкі выхавальнік, назіральнік за сямʼёю, даследчык жыллёвых умоваў дзіцяці, у некаторай ступені праваднік між адміністрацыяй і бацькамі. Натуральна, што гэта накладае свой адбітак», – распавядае былая настаўніца Ганна.

На думку Вадзіма Мажэйкі, гэта вынік занядбанасці палітычнай і эканамічнай сістэмы агулам.

«Усё, што мы маем на макраўзроўні дзяржаўным, на мікраўзроўні школы, тыя ж праблемы і адлюстроўваюцца. Нічога новага прынцыпова не зʼявілася: і з эканомікаю былі праблемы, і настаўнікі фальсіфікавалі галасы. Проста гэта стала больш бачна грамадству і стала больш турбаваць грамадства. І большым стаў канфлікт супярэчнасцяў. Бацькі не ўяўляюць, каб вось гэтыя людзі вучылі нашых дзяцей», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Выйсце кожны шукае сам. Гэтак, сямʼя Рывуцкіх чакае пачатку навучальнага года ў прыватнай школе паводле індывідуальнага плану. Настаўнікі ж, упэўнены адмыслоўца, павінны выйсці за межы заганнай практыкі падпарадкавання, згадаць пра сваё прызначэнне і ў працы кіравацца сумленнем.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»