Як жывуць у мястэчках пры самай мяжы з чарнобыльскай зонай?


Некалі адтуль планавалі выселіць людзей, сёння тут падымаюць сельскую гаспадарку. У Беларусі ёсць Чарнобыльская зона адчужэння. Але, як вядома, радыеактыўнае забруджванне сягнула значна далей. Як жывуць у мястэчках пры самай мяжы закрытай тэрыторыі? І як выглядаюць падобныя вёскі на расейскім баку мяжы? Ці захоўваецца небяспека для здароўя? І ці можна неяк пазбегнуць рызыкі? Разбіраўся Вітаўт Сіўчык.

Нароўля. Мястэчка, якое гэтак і не трапіла ў Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, а вось радыяцыя райцэнтру не абмінула.

«Людзі паміраюць да 40 гадоў, бывае, што вельмі часта. Чагосьці раптам у таго інсульт, у таго інфаркт, у таго, рак шчытападобнае залозы ці яшчэ чаго, разумееце», – кажа Іван Віткоўскі, ходзячы па мясцовых могілках.

Мужчына набыў сур’ёзныя хваробы ды інваліднасць. У 1986-м годзе спадар Іван працаваў электрыкам на Чарнобыльскай АЭС, адпаведна, адразу ж пасля аварыі ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў.

«Я дакладна ведаю, што калі б я ў той дозе, якую атрымаў на станцыі, не дабраў той дозы, якая мне тут у Нароўлі трапіла з прадуктамі заражанымі, то можа, у мяне б такіх наступстваў і не было», – сведчыць Іван Віткоўскі.

Менавіта ва ўнутраным апраменьванні ад сельскагаспадарчай прадукцыі і хаваецца асноўная небяспека для здароўя людзей, кажа фізік Юрый Варонежцаў. Навуковец уваходзіў у чарнобыльскую камісію яшчэ ў Вярхоўным Савеце СССР. Напрыканцы існавання краіны Саветаў і на пачатку незалежнае Беларусі распрацоўваліся планы адсялення значна большае часткі забруджаных тэрыторыяў. Цяпер падыход дыяметральна іншы.

«Перакос убухвання каласальных рэсурсаў у развіццё сельскае гаспадаркі ў гэтых рэгіёнах. Хоць гэтыя праграмы першапачаткова прадугледжвалі, па-першае, развіццё медычнага абслугоўвання. Кантроль за прадуктамі, дастаўку чыстых прадуктаў», – кажа Юрый Варонежцаў.

Як вынік, замест адсялення – падсяленне. Вось новыя дамкі для маладых спецыялістаў у Брагіне – яшчэ адным райцэнтры на мяжы з зонай адчужэння. Выглядае як дагледжаны гарадок, у які не цураліся ўкладаць грошы. Вось толькі жыхары, у якіх адабралі чарнобыльскія льготы яшчэ ў мінулым стагоддзі, гэтак і жывуць збольшага з мясцовай ежай:

«Грыбы, ягады правяраем. Хто страляе жывёлінаў, таксама правяраем. А з гароду нічога не правяраем».

«Усё, што расце на гародзе, жывёлу росцім, курэй трымаем, кароў, свіней – усё спажываецца».

Адмаўляцца ад сваіх харчоў людзі не хочуць, бо ніякай альтэрнатывы не бачаць:

«Ды не, у калгас ідзіце. Вам там мінімалку заплацяць 300 рублёў, калі ласка, працуйце».

«У мяне ўсе браты і швагры, нават муж – усе працуюць у Расеі. Ніхто тут за капейкі не хоча працаваць».

А гэта ўжо вёска Заборʼе Бранскае вобласці – па расейскі бок мяжы. Некалі ў гэтай вёсцы жыло 1600 чалавек – цяпер няма і трох дзясяткаў. Сюды таксама прыйшла радыяцыя – праз чарнобыльскія хмары.

«Як узарваўся гэты Чарнобыль, якраз мы сеялі бульбу, і дождж як прылупіў», – узгадвае мясцовы жыхар.

Сёлета мясцовыя падфарбавалі стэлу ў гонар загінулых вёсак наваколля. Дапамогі ж уладаў яны даўно не чакаюць, але радыяцыі таксама не баяцца: маўляў, хто выжыў – той ужо не памрэ:

«Мы б ужо хацелі, каб з газам, з вадой далі жытло як чарнобыльцам, а нам не даюць. Маўляў, купляйце. А за што купляць? Пенсіі 10 тысячаў атрымоўваем».

«Кароваў трымаем, і свіней трымаем, і каня трымаем. Шклянку выпіў, ды і ўсё. І ўся радыяцыя да лямпачкі».

Фізік Юрый Варонежцаў раіць не верыць у хуткае знікненне радыяцыі. Некаторыя элементы застануцца тут на доўгія стагоддзі. Больш за тое, напрыклад, паўраспад ізатопаў плутонію прыводзіць да зʼяўлення амерыцыю, які можа яшчэ горш уплываць на здароўе:

«Праз сто гадоў, прыкладам, нашыя нашчадкі скажуць, што зямля чыстая, давайце тут нешта рабіць. І ведаеце, мяне забіваюць «навукоўцы» у двукоссі, якія кажуць па ўказцы зверху, што сонца ўзыходзіць не на Усходзе, а на Захадзе».

Што ж да Беларусі, то Юрый Варонежцаў не бачыць рацыянальнага зерня ў вяртанні ва ўжытак забруджаных глебаў. Навуковец адзначае: у нашай краіне стае і чыстых ворных палеткаў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu