Як жывуць і хто дапамагае людзям без дому і дакументаў


Пятру 56 гадоў. У мінулым ён працаваў кіроўцам. Прызнаецца, што давялося пабываць за кратамі за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Па вызваленні сталае працы знайсці не мог, перабіваўся падпрацоўкамі.

Напярэдадні Новага года Пётр апынуўся на вуліцы, з кватэры яго выпісала дачка.

«Прыватызаваў на яе кватэру. А тут прыходзіць участковы, маўляў, прыйшла пастанова: «Ты выселены і выпісаны». Вось у чым быў, толькі не ў гэтай куртцы, яе мне ўжо далі. А так без усяго. Добра, што ў мяне пашпарт быў у кішэні, дык забраў яго», – узгадвае бесхацінец Пётр.

Цяпер Пётр вымушаны шукаць начлег па падвалах ды пад’ездах. Асабліва цяжка давялося ў моцныя маразы. Нават не выходзіў у начныя рэйды па шкляныя бутэлькі, здачай якіх зарабляе сабе на цыгарэты і хлеб.

«Раней былі хлопцы знаёмыя, мог бы дзесьці спыніцца на кватэры ў кагосьці. Папаміралі. А зараз… Няма куды. Буду шукаць, кажуць, ёсць такія [арганізацыі], якія даюць працу і забяспечваюць жытлом. Буду нешта такога кшталту шукаць», – дзеліцца Пётр.

Для такіх людзей, як Пётр, ужо пяць гадоў працуе пункт выдачы ежы ад грамадскага абʼяднання «Водгук», дзе штодня ў будныя атрымоўваюць цёплы абед да 100 чалавек. Тут жа яны бяруць і адзенне. Дапамагае арганізацыя з аднаўленнем дакументаў і па магчымасці з працаўладкаваннем.

«У нас ёсць шырокія сувязі ў некаторых арганізацыях, да якіх мы звяртаемся. Мы пытаемся: дзесьці дворнікам, дзесьці вартаўніком, кагосьці на іншую працу, можа, на будаўніцтва. Але зараз цяжэй і цяжэй знаходзіць работу. Час такі. Самі ведаеце, што зімою ў нас вельмі цяжка», – распавядае Валер Еранкевіч, каардынатар сацыяльнага служэння грамадскага абʼяднання «Водгук».

Дзякуючы абʼяднанню «Водгук» да сацыяльнага жыцця змог вярнуцца Арцём, які два гады таму пасля смерці родных застаўся без сродкаў для існавання і апынуўся на вуліцы: жыў па падвалах і ў лесе.

«Паціху, памалу знайшліся сябры, якія прытулілі на ноч. І фактычна тут я валанцёру. Я лічу, што любы хлеб, а я атрымоўваю тут ежу, трэба адпрацоўваць. Таму я адпрацоўваю ў якасці валанцёра, атрымоўваючы харчы, вопратку», – кажа бесхацінец Арцём, які валанцёрыць на кухні.

Яшчэ адна ініцыятыва, якая дапамагае бесхацінцам і бедным, – «Ежа замест бомбаў». Ужо амаль 16 гадоў штовыходныя ўдзельнікі ініцыятывы кормяць людзей. Пры гэтым самі зазнаюць ціск ад міліцыі праз палітычны кантэкст сваёй дзейнасці. Апошнія затрыманні адбыліся ў суботу, 23 студзеня. 7 чалавек з ініцыятывы, якія раздавалі ежу, былі дастаўленыя ў РУУС, пяцёра з іх атрымалі па 15 содняў арышту.

«Нейкія дробныя сутычкі з міліцыяй былі падчас Еўрапейскіх гульняў. Гэта не скончылася рэпрэсіямі, нас проста праганялі з тых пунктаў, дзе мы раздаем, бо бесхацінцы, са словаў міліцыі, псуюць выгляд гораду. Рэпрэсіі былі падчас Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года», – распавядае ўдзельнік ініцыятывы «Ежа замест бомбаў».

Як зазначаюць праваабаронцы, дакладнай статыстыкі, колькі людзей не маюць дому ды дакументаў, не існуе. Таму невядомы лік тых, хто абмежаваны ў атрыманні самых асноўных паслуг, гарантаваных дзяржаваю.

«Без пашпарта яны не могуць абсалютна нічога: ні звярнуцца па медычную дапамогу, ні знаходзіцца ў пэўных месцах альбо нават знайсці працу, падацца на ўлік як чалавек, якому не дастаткова жытла. Адпаведна, без пашпарта яны не могуць ні звярнуцца ў суд, ні па бясплатную юрыдычную дапамогу. Гэта вялізны пласт праблемаў. Людзей папросту выключаюць з грамадства», – тлумачыць Наста Лойка, праваабаронца з каманды «Human Constanta».

Таксама не існуе афіцыйнай праграмы рэабілітацыі людзей без дому. Адзінае, што прапаноўвае дзяржава бесхацінцам, – Дамы начнога перабывання. Аднак яны ёсць толькі ў Менску, Магілёве, Горадні, Віцебску і ў некаторых раённых гарадах.

Хрысціна Чарняўская, belsat.eu