Як жывуць беларусы – раўнагодкі тэрміну кіравання Лукашэнкі


Ірына Грыцэвіч ніводнага дня не жыла пры іншым прэзідэнце: яна нарадзілася ў Баранавічах роўна праз месяц пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі. Ранейшае жыццё краіны Ірына ведае толькі з урокаў гісторыі, бацькі палітычных тэмаў не закранаюць, не падтрымліваюць яны і пазіцыю 26-гадовай дзяўчыны «не маўчаць».

«Мая матуля працуе ў дзяржаўным закладзе, яна ведае ўсё гэты знутры і пастаянна кажа мне такую фразу: «Ты ж ведаеш у якой краіне мы жывем». – У якой? – У якой вельмі страшна выказаць сваю думку, у якой немагчыма нешта сказаць і не пабаяцца, што за табой не прыйдуць», – кажа Ірына.

Але, паводле Ірыны, за чвэрць стагоддзя назбіралася даволі падзеяў, што зрабілі прышчэпку ад страху: тэракт у метро, у якім ледзь не апынулася ейная сястра, Плошча-2010, дзе былі ейныя сябры. І першыя выбары, на якіх асабіста галасавала. Не за Лукашэнку і не датэрмінова, як патрабавалі ва ўніверсітэце. Складанасці жыцця ў Беларусі дзяўчына пералічвае доўга: тут табе і адсутнасць прэзумпцыі невінаватасці, і засяроджанасць усёй улады ў руках аднаго чалавека, карупцыя. Ды іншае.

«Бачу шмат недасканаласцяў, праблем. Калі, напрыклад, мы адзіная краіна ў Еўропе, дзе засталося смяротнае пакаранне, я лічу гэта праблемай. Ніхто не мае права забіраць жыццё, нават дзяржава. Гэта як паказнік, што гэта не мае асабістыя думкі, што вось нешта мне не спадабалася, – гэта глабальная праблема», – лічыць Ірына.

На выбары сёлетнія Ірына збіраецца і гатовая падтрымліваць акцыі салідарнасці, нягледзячы на пагрозу затрымання. Спадзяецца на змены і яшчэ адзін аднагодак тэрміну кіравання Лукашэнкі – Глеб Якубоўскі. Праўда, хлопец можа назваць і станоўчыя бакі жыцця пры адным прэзідэнце.

«Плюсы ёсць вядома. Парадкі ў гарадах, у перыферыі там трошкі не так. Медыцына для дзяцей. Вучоба для дзяцей бясплатная: і кормяць, і ўладкоўваюць на працу».

Глеб хацеў бы паспрабаваць пажыць пры другім кіраўніку.

«Няхай бы ён на гэтыя пяць гадоў даў бы каму іншаму пасядзець. А потым, калі б стала горш, за яго б зноў пачалі галасаваць. І ён бы набраў не 80, а ўсе 100 адсоткаў», – кажа Глеб.

26 дзень народзінаў адзначыць заўтра і Ірына Кавалёва. Не на радзіме. 2 гады таму дзяўчына эмігравала ў Польшчу і вяртацца не збіраецца, кажа, што хоць і любіць Беларусь, але жыць прасцей за мяжой.

«Тут больш пэрспэктываў, тут не трэба жыць ад зарплаты да зарплаты, каб куды-небудзь з’ехаць і збіраць цэлы год. Тут проста можна з аднаго заробку сабрацца і паехаць у тую ж Нямеччыну, Амстэрдам», – дзеліцца Ірына.

– Якіх зменаў вы б хацелі?

«Іншае стаўленне дзяржавы да людзей, каб у нас былі годныя заробкі. Ну, нармальна ставіліся. Таму што ў нас няма ніякай свабоды, сябе ў Беларусі неспакойна адчуваеш».

Прычыны, з якіх ужо 26 гадоў краінай кіруе адзін чалавек, філосаф Уладзімір Мацкевіч называе празаічнымі.

«Я іх бачу дакладна ў тым, што мы ўсё хочам вырашыць проста, не замарочваючыся. Да выбараў, да выбараў, у якіх улада становіцца найбольш слабой за месяц да гэтых выбараў…Улада рыхтуецца 5 год, а мы…».

Ірына Грыцэвіч на наступны дзень пасля выбараў адзначыць 26-годдзе.

– Чаго вы чакаеце ад гэтага году?

– Змен, хаця надзея вельмі слабая. Але я спадзяюся, што можа адбудзецца нейкі цуд.

Алена Дубовік, «Белсат»