Аб'ектыў 30.11.2018 Як выхаваць сапраўднага праграміста распавялі ў Менску


Што ІТ-бізнес можа прынесці ў адукацыйную сістэму, ды якія сусветныя трэнды і стратэгіі цяпер галоўныя ў навучанні? Пра гэта тры дні гутарылі ў Менску на адмысловай міжнароднай выставе-форуме ITE-2018.

Пра тое, як выхаваць сапраўднага айтышніка і праграміста, гутарылі сёння на выставе ITE-2018, якая праходзіць у Менску.

Імпрэза ладзіцца ўжо другі раз, і сёлета арганізатары сканцэнтраваліся не толькі на айты-кампаніях ды выступах вядомых адмыслоўцаў, якіх запрасілі больш за 70, але і дадалі ў фармат шмат дробных нішавых канферэнцыяў на розныя тэмы.

«Адна з асноўных мэтаў канферэнцыі – даць карысную інфармацыю ад людзей-практыкаў, арганізаваць камунікацыю, шмат працуюць у кафэ, і тут не выстава, а больш кропкі кантактаў», – кажа Павал Ліс, дырэктар аналітычнага цэнтру Мінадукацыі.

Агулам выглядае ўсё гэткім чынам, што менавіта айты-кампаніі пытаюць у настаўнікаў і педагогаў, што ім трэба для навучання, ды разам шукаюць выйсце з існай сітуацыі. Ёсць і наўпроставыя незалежныя некамерцыйныя ініцыятывы моднага цяпер кірунку STEM-адукацыі – з ангельскай расшыфроўваецца як «навука, тэхналогіі, інжынерыя ды матэматыка».

«STEM-цэнтр – гэта лабараторыя на аснове школы, дзе дзеці на бязвыплатнай аснове могуць атрымліваць сучасныя веды менавіта ў гэтым STEM-кірунку. Мы пастаўляем у лабараторыі камп’ютары ды наборы робатататэхнікі, каб дзеці развівалі інжынерыю», – тлумачыць Аляксандр Хоміч, дырэктар асацыяцыі «Адукацыя для будучыні».

Сёлета плануюць адчыніць ужо сёмы такі клас. Агулам жа па краіне ў STEM-кірунку навучаюцца амаль 850 дзяцей. Прычым гэтыя школы адчыняюцца ў такіх гарадах, як Баранавічы, Жодзіна і Лельчыцы ды нават у звычайных вёсках.

«У вёсцы Лошніца мы абкатваем цікавую ідэю, калі мы выбіраем даволі вялікую вёску, і дзеці з наваколля прывозяцца на аўтобусах і займаюцца ў гэтых класах. Нібыта ўсё, працу будзем працягваць», – распавядае Аляксандр Хоміч, дырэктар асацыяцыі «Адукацыя для будучыні».

Паводле гасцей канферэнцыі, у прыватнасці HR, што займаюцца падборам кадраў у розныя тэхналагічныя кампаніі, на сённяшні момант па Беларусі мы маем недахоп высокакваліфікаваных айты-працаўнікоў памерам 30 тысяч асобаў. І пакуль гэтая лічба толькі расце. Таму застаецца спадзявацца, што такія ініцыятывы ды інтэграцыя бізнесу ў адукацыю створаць новыя магчымасці для беларусаў.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары