Як выглядае салідарнасць у часы заразы


Італьянскую народную песню пратэсту «Bella Ciao» праспявалі жыхары баварскага гораду Бамбэрг на знак салідарнасці з Італіяй – краінай, якая больш за астатнія ў Еўропе цярпіць ад пандэміі каронавіруса.

Іспанская спявачка Бэатрыс Бэрод‘я, вядомая як Бэта, кожны вечар выходзіць на балкон, каб пацешыць суседзяў, вымушаных сядзець па дамах. У Іспаніі праз каронавірус – надзвычайнае становішча.

«Урэшце мы спяваем, бо хочам зрабіць усіх шчаслівымі хаця б ненадоўга», – кажа Бэатрыс Бэрод‘я.

Расейскі піяніст Дзяніс Мацуеў сыграў у пустой зале. Аднак канцэрт бачылі – у жывым эфіры онлайн. Атрымаць асалоду аматарам класічнай музыкі нягледзячы на абмежаванні сходаў праз пандэмію дапамог праект «Хатні сезон».

«Хто глядзіць навіны або інтэрнэт, застаецца ў нервовым стане. Калі я нервуюся, я падыходжу да інструмента, і ўсё мінае адразу. Я ведаю, што музыка лечыць», – гаворыць Дзяніс Мацуеў.

У Беларусі онлайн-канцэрт пры падтрыманні нашага тэлеканалу даў вядомы бард Віктар Шалкевіч. Гэта быў выступ па заяўках інтэрнэт-гледачоў.

Мільёны людзей па ўсім свеце вымушаныя жыць у хатняй ізаляцыі. Аднак усіх нас аб’ядноўвае музыка і надзея на перамогу над каронавірусам.

Анастасія Русецкая, «Белсат»