Як вяртаецца памяць пра Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў супраць царызму


«Каго любіш?» – «Люблю Беларусь!» – «То ўзаемна!» Гэты пароль паўстанцаў 1863–1864 гадоў, як і постаць Каліноўскага, варта згадаць сёння. Кастусь нарадзіўся другога лютага 1838 года.

«У любой нацыі павінны быць арыенціры. І Каліноўскі – акурат такі самы арыенцір. Той арыенцір, каторага сённяшняй беларускай дзяржаве не хапае», – упэўнены Вадзім Саранчукоў, адзін з ініцыятараў кампаніі «Каліноўскі-2019».

Каб вярнуць народную памяць, летась на Гарадзеншчыне разгарнулася кампанія, мэта якой – папулярызаваць асобу Каліноўскага і гісторыю паўстання 1863–1864 гадоў. Удзельнікі чыталі вершы, усталёўвалі памятныя знакі на месцах баёў. Спыняць працы актывісты не плануюць.

«Ушанаванне месцаў памяці, звязаных з паўстаннем 1863 года, будзе працягвацца. У нас падрыхтаваныя крыжы, якія мы ўсталюем у гэтым годзе, і таксама яшчэ шэраг мерапрыемстваў», – дзеліцца планамі Вадзім Саранчукоў.

Кастуся Каліноўскага за арганізацыю паўстання супраць расейскага царскага рэжыму павесілі ў Вільні на Лукішскім пляцы 22 сакавіка 1864 года.

«Постаць Каліноўскага з цягам часу пачынае набываць усё большае і большае значэнне. І мінулы год, калі адбывалася пахаванне парэшткаў паўстанцаў і сённяшні дзень паказваюць, што гэта постаць становіцца амаль што ключавой у гістарыяграфіі, у гісторыі Беларусі ХІХ стагоддзя для сучаснай Беларусі, для яе памяці», – кажа доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага ды іншых удзельнікаў паўстання знайшлі літоўскія археолагі падчас раскопак на гары Гедзіміна. Перапахавалі герояў летась у лістападзе ў капліцы на могілках Росы.

Цяпер да магілы Кастуся Каліноўскага можа прыйсці кожны, каб ушанаваць памяць змагара за незалежнасць нашай краіны.

Анастасія Русецкая, «Белсат»