Як улады не даюць з'явіцца ў апазіцыі новым людзям – глядзіце на прыкладзе Берасця


Больш за 200 чалавек сабраліся сёння на пікет супраць акумулятарнага заводу «Айпаўэр» у Берасці. Мясцовыя ўлады ўжо знялі з выбараў адзінага зарэгістраванага праціўніка заводу, абвесціўшы запланаваны пікет незаконным. А потым арганізавалі на месцы запланаванай сустрэчы свята МНС.

Аб правядзенні мітынгу супраць акумулятарнага заводу ў межах перадвыбарчага пікету Уладзіміра Мароза ў Берасці было вядома яшчэ на мінулым тыдні. Аднак напярэдадні мясцовая акруговая камісія зняла адзінага зарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты ад праціўнікаў заводу. А гарадскія ўлады нават зладзілі свята працаўнікоў МНС на месцы планаванага мітынгу.

Пабавіцца вакол ратавальнай тэхнікі – весела, толькі праблемаў выбараў і акумулятарнага заводу не развяжа.

«Улады баяцца! Зняцце Мароза выходзіць за межы прыстойнасці, бо рашэнне яўна незаконнае і неабгрунтаванае», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

«Пасля рашэння выбарчай камісіі на старонцы выканкаму з’явілася інфармацыя, што я нібыта не дэпутат. І менавіта акцэнтавана, што заяўленага мітынгу трэцяга чысла не адбудзецца, і калі ён будзе праведзены, то будзе расцэньвацца як незаконнае масавае мерапрыемства, і будуць прыцягваць!» – кажа актывіст Уладзімір Мароз.

Аднак прыцягваць актывістаў не атрымалася. Мітынг выратавалі кандыдаты ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс. Яны запрасілі праціўнікаў заводу да Палацу культуры прафсаюзаў на ўласны пікет.

«Мы праяўляем салідарнасць з усімі прыхільнікамі здаровага навакольнага асяроддзя. Гэта частка нашай праграмы і агулам сацыял-дэмакратаў Беларусі і сацыял-дэмакратаў сусвету», – кажа кандыдат у дэпутаты ад БСПД «Грамада» Ігар Маслоўскі.

БСДП «Грамада» таксама ўжо прапанавала перапрафіляваць акумулятарны завод пад іншыя патрэбы. Тым больш, што афіцыйна «Айпауэр» не запушчаны – толькі, відаць, не ўся вертыкаль улады ў курсе.

«Ну а заява ў афіцыйным лісце Крэса намесніка старшыні аблвыканкаму павергла мяне ў шок! Ён у апазіцыю да прэзідэнта перайшоў ці зусім не ведае пытання. Ён адказаў, што дадзены завод – дзейнае прадпрыемства!» – кажа праціўнік акумулятарнага заводу Зміцер Бекалюк.

І гэта пры тым, што экалагічная экспертыза не падпісаная, а Аляксандр Лукашэнка ў верасні асабіста паабяцаў пракантраляваць правядзенне экалагічнай экспертызы, без якой запуск заводу немагчымы. Праўда, праз месяц пра самых незадаволеных кіраўнік краіны выказваўся ўжо інакш.

«Глядзіце ў вас некаторыя акамулятаршчыкі гэтыя. І як пачнецца перадвыбарчая кампанія вы зразумееце чаму яны «гвалтавалі». Яны ўсе высунуліся кандыдатамі ў дэпутаты! І ім «пофіг» гэты акумулятарны завод і яны гатовы «свінціць» у Менск», – заяўляў Лукашэнка.

А ў Менску Палата прадстаўнікоў, і багата палітычных рухаў, якія могуць і падтрымаць новых лідараў. І таму новыя акторы на старой і звыклай палітычнай сцэне ў сталіцы не патрэбныя, мяркуе адмысловец. Асабліва цяпер, калі ўладаў нашмат больш хвалююць дачыненні з Масквою, чым унутраныя палітычныя працэсы.

«І вось ужо цэлы год мы маем нявызначанасць і ніхто сёння не можа сказаць чым усё гэта скончыцца. А можа скончыцца стратай соцень і соцень мільёнаў долараў, і гэта – напярэдадні гэтак званых выбараў прэзідэнта. І паводзіны цяперашняй улады, і больш суровы падыход, і адсейванне апазіцыйных кандыдатаў у гэтай сувязі падаюцца лагічнымі», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

Акрамя берасцейскіх лідараў пратэсту, не былі нават зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў дзейныя апазіцыйныя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў і шэраг найбольш вядомых дэмакратычных палітыкаў і актывістаў.

Кірыл Смяглікаў «Белсат»