Як у свеце рыхтуюцца да Калядаў


Частка хрысціянскіх вернікаў сустрэліся на святочных імшах, за вігілійным сталом ды ўжо святкуюць Нараджэнне Хрыстова.

Усё пачалося больш за дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлееме.

«Гэта цудоўна. Я прыехаў пабачыць месца нараджэння Ісуса Хрыста. Я хрысціянін, а таму гэта выключнае месца і час для мяне», – кажа амерыканскі турыст, які прыехаў у Бэтлеем.

Гэта таксама і месца, дзе неабходныя беспрэцэдэнтныя захады бяспекі. Толькі сёлета Палестыну наведалі каля 2,5 млн турыстаў.

«Людзі з усяго свету прыехалі сюды, усе гатэлі цалкам зарэзерваваныя, турысты з розных краінаў тут, і вочы ўсяго свету глядзяць на Бэтлеем», – адзначае Руля Маʼаяг, міністр турызму і гістарычнае спадчыны Палестыны.

У Еўропе сёлетняе свята адбываецца ў цені трагедыі. На месцы тэракту ў Берліне тысячы знічоў і кветак.

Глядзіце таксама >>> У Гомлі прайшла беларускамоўная ялінка для дзетак

Але нават у такой няпростай сітуацыі людзі яднаюцца. Нараджэнне Хрыстова – гэта перадусім час спакою і задумы. Ды нават у іракскай вёсцы паблізу Масула свята для хрысціянскіх вернікаў пасля вызвалення ад тэрарыстаў гэтак званае «Ісламскае дзяржавы».

А ў Злучаных Штатах яшчэ і змаганне са стыхіяй. Калапс на дарогах і натоўпы на лётнішчах. Хоць некаторым такое надвор’е зусім не перашкаджае.

З Калядамі павіншаваў прэзідэнт ЗША Барам Оўбама разам са сваёй жонкай Мішэл Оўбамай.

А яшчэ Нараджэнне Хрыстова – гэта час падарункаў. І Санта-Клаўс стараецца, каб усе іх атрымалі ў час. І ўжо выправіўся ў кругасветнае падарожжа.

Тэлеканал «Белсат» віншуе з Нараджэннем Хрыстовым!

Сяргей Падсасонны, belsat.eu