Як у Маркавічах зладзілі традыцыйны абрад «Зорка»


Да Раства трэба рыхтавацца – прыбрацца ў хаце, аздобіць ялінку, накрыць на стол. Аматары ж фальклору робяць не толькі гэта! Удзельнікі гомельскай моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака» на Куццю завіталі ў вёску Маркавічы, дзе зладзілі традыцыйны абрад «Зорка». Трэба прызнаць, што тым, да каго завіталі калядоўшчыкі, пашанцавала.

«Пойдэм Звязду насіць! З Раством віншаваць!» – галасілі «талакоўцы». Снежна, марозна ды святочна! З сімвалам Віфлеемскай зоркі ў руках завіталі ў Маркавіцкія двары: «Пусціце звязду ў хату! Свята такое харошае! Звязду спець – шчасце прынесці!»

Шчасцю трэба адчыняць! «Звязда» (ці Зорка) – назва абраду і абавязковы атрыбут святкавання Раства. Госці спяваюць: «Прыходзілі тры цары, прыносілі тры дары. А мы тыя дары прымаем ды вас са святым Раством паздраўляем».

Сёлета ўдзельнікі гомельскай краязнаўчай суполкі «Талака» далучыліся да Віктара Шыпкова, які яшчэ юнаком распачаў адраджэнне ў сваёй вёсцы калядавання. Абрад «Зорка» заснаваны на паганскай традыцыі.

«Для бабуляў старых гэта пацеха і шчасце, якое ну аніяк не падробіш!», – кажа жыхар Маркавічаў Віктар Шыпкоў.

З улікам усіх звычаяў і ў вясёлай форме свята зладзілі для ўсяе вёскі.

«Кранае за жывое, што людзі шчыра ўспрымаюць. То бок шчыра пушчаюць у дом, і падпяваюць. То бок людзі ведаюць што мы спяваем», – кажа ўдзельнік каляднага гурта Дмітрый Тарасаў.

Каляды ці Раство пачынаецца ўвечары 6 студзеня абрадавай трапезай. Паводле традыцыі каляднага стала, пад белы абрус трэба пакласці пучок сена, бо народжаны Збаўца ляжаў на сене ў яслях.

У сучасным жыцці мала месца для аўтэнтычнай культуры, аднак сябры Апроч «Талакі» – найстарэйшай няўрадавай арганізацыі ў Беларусі, праносяць культуру нават праз цесны плот.

«Проста сённяшняе грамадства камерцыяналізаванае, таму лічыцца, што табе б абы матэрыяльна выразілася. Але архаічныя людзі верылі, што і духоўнае нясе пэўны матэрыяльны адбітак», – кажа прадстаўніца суполкі «Талака» Алена Ведзь.

Кожнае пажаданне гасцей у гэты дзень – раўназначна дзеянню. Каляднікі спяваюць: «Дай Бог вам і вашаму роднаму дому шчасця, здароў’я і дабрабыту на многае лета! Мно-гае ле-та, Мно-гае ле-та, Мно-о-гае ле-е-та. Гоп-гоп-гоп, а чарачка хлоп!»

Звязду заспявалі – пачастунак ад гаспадароў атрымалі!

«Дык у нас жа з праку веку так! Я ўжо знаю – як пачалі насіць Звязду, то ходзяць па хатах», – кажа жыхарка Маркавічаў Праскоўя Мацукова.

А праз тыдзень вернуцца з казою ці мядзведзем! Вядомая беларуская Шчадруха адбудзецца ў праваслаўных на Стары Новы год – 13 студзеня.

Юлія Цяльпук belsat.eu