Як у фільме жахаў. У Берасці – нашэсце вялізарных прусакоў


Крэйду, парашкі і дыхлафос на ўзбраенні тут мае ледзь не кожны жыхар. Пра тое, што жыццё ператворыцца ў штодзённая змаганне з прусакамі, жыхары дому № 68 на бульвары Касманаўтаў у Берасці і ў страшным сне падумаць не маглі.

«З вентыляцыі лезуць, з калідору. Дзе толькі можна, як толькі можна. Цэлае полчышча ў нас».

«І на лесвіцы ляжаць. У прыбіральні і ў ваннай, уначы вылазяць і маленькія, і вялікія. Гэта немагчыма».

– скардзяцца жыхары-небаракі Вера і Людміла.

Прусакоў перыядычна бачылі ў доме цягам двух гадоў

Аднак актыўна прэтэндаваць на жылплошчу інсекты сталі напачатку лістапада. Вусатыя захапілі гарышча, а пазней перабраліся ў пад’езд.

«Святла не было ў пад’ездзе, так як пачало святлець позна. Пачынае штосьці хрусцець пад нагамі, як заўсёды я падумала, суседзі што рассыпалі нейкія чыпсы, я ўключаю ліхтарык на тэлефоне і бачу – тут проста дыван з прусакоў», – дзеліцца жахлівым успамінам Вольга Кузьміч.

Шматлікія скаргі жыхароў у ЖЭС не дапамаглі

Сёлета ў ліпені камунальнікі ладзілі правяранне і пастанавілі: стан месцаў агульнага карыстання – здавальняльны, прусакоў не выяўлена. Аднак як можна было не заўважыць інсектаў памерам 3-4 сантыметры, застаецца толькі здагадвацца.

«Домаўпраўленне ўвогуле ніякага ўдзелу не прымала. Яны прыходзяць, у іх планавыя зборы. Яны на гэтым зборы двума-трыма словамі перакінуцца, паабяцаюць, павернуцца і сыдуць. І ўсё гэта вылілася ў такое, што мы проста патанаем у гэтых прусаках», – абураецца Наталля Сафронава.

Размова з кіраўніком Берасцейскага ЖЭСу атрымалася кароткая

«Вы мне перашкаджаеце працаваць!», – пракаментаваў сітуацыю мужчына журналістам нашага тэлеканалу.

Што праўда, днямі дэзынфектар апрацаваў лесвічныя пляцоўкі і сутарэнне ў адным з пад’ездаў. Аднак, паводле жыхароў, вонкавая дэзынфекцыя плёну не дае: праблема ў гарышчы, да якога камунальнікі нібыта не маюць доступу. На гарышчы жывуць галубы, якія разводзяць антысанітарыю. Прусакі ж адтуль спускаюцца па вентыляцыйных шахтах і каналах электрашчыта.

Юлія Лабанава, «Белсат»