Як у Давыд-Гарадку «каня» вадзілі


Калі спрадвеку ў Беларусі калядоўнікі водзяць казу, то на Палессі, у Давыд-Гарадку, свая традыцыя – там водзяць каня.

Гэта перажыло самыя складаныя часы. І надалей мае паслядоўнікаў. Далучыліся да святкаванняў і журналісты «Белсату». А як атрымалася пакалядаваць – у нашым відэасюжэце.

Як толькі на Давыд-Гарадок, што на Століншчыне, надыходзіць вечар Старога Новага года, з розных куткоў палескага мястэчка даносяцца гукі трубаў і ражкоў. Гэта збіраюцца калядоўнікі. Абавязкова сярод іх мусіць быць галоўны герой Шчодрыка – конь. Астатнія ўдзельнікі прыбіраюцца ў розных калядных постацяў.

«Конікі», якія першыя прыходзяць, іх заўсёды прымаюць, кормяць, частуюць. Насамрэч і прыкмета ёсць такая, у кожны дом шчадроўнікі мусяць зайсці, бо мы для іх і рыхтуемся, упрыгожваем, гатуем», – кажа жыхар Давыд-Гарадку Эдуард Сцяпура.

З надыходам прыцемак пачынаецца дзейства. З адною групай калядоўнікаў адправіліся шчадраваць і карэспандэнты нашага каналу.

Пакуль у вокнах гарадчукоў гарыць святло, шчадроўнікі водзяць «конікаў». Гаспадары па-рознаму іх частуюць: не абыходзіцца і без чарачкі.

«У нас насамрэч стары вельмі горад. Гэтая традыцыя «коннікаў» са стогадовай гісторыяй, гэта нашая. Мы самі шыем маскі, калядуем і віншуем жыхароў Давыд-Гарадку з гэтым цудоўным святам», – кажа «Воўк»-Мікалай, шчадроўнік.

Чаму ў Давыд-Гарадку водзяць каня, а не казу, мясцовыя жыхары ўжо і не памятаюць. Магчыма, такая традыцыя паўстала, бо ў Давыд-Гарадку ў свой час аселі сотні цыганскіх сем’яў.

Святы праходзяць, а Столінскі райвыканкам чарговы раз падае заяўку ў Міністэрства культуры, каб Давыд-Гарадзенскага «коніка» прызналі нематэрыяльнаю гістарычна-культурнаю каштоўнасцю Беларусі.

Чытайце таксама:

Наста Ільліна, belsat.eu