Як у беларускай вёсцы, якая, паводле CNN, лепшая за Нью-Ёрк, ладзілі абрад на Юр'я


Вёска Пагост, што на Гомельшчыне, у рэйтынгу CNN 2009 года абагнала Зальцбург, Нью-Ёрк і Сіднэй як адное з лепшых месцаў для святкаванняў! А прычына ў тым, што менавіта на Палессі яскрава і шчыра ладзяць старадаўнія абрады. Гэтым разам завітаем туды на Юр’я.

Танцы і карагоды ў нацыянальных строях, што цудоўна гарманіруюць з палескімі краявідамі.

Карагод на Юр’я ў вёсцы Пагост – гэта не проста турыстычнае шоу. Гэты абрад сёлета прэтэндуе на тое, каб увайсці ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО. Удзельніца святкавання Святлана Серафімовіч распавядае:

«Я сюды прыехала на покліч сэрца, на покліч душы. Хочацца чагосьці чыстага, прыгожага, натуральнага. Прачуць і паўдзельнічаць самой».

Нашыя продкі верылі, што на Юр’я адмыкаецца зямля, расліны пачынаюць ісці ў рост. Удзельнікі святкавання абавязкова павінныя мець з сабою ікону, калядную зорку і фартух зялёнага колеру, які сімвалізуе цнатлівасць прыродную і жаночую.

«У час вайны, дзе не згарэла сяло, збіраліся жанчыны, дзевачкі, маладзіцы і вадзілі гэныя абрады, гэта для ўраджаю. Мы просім Бога, бо без Бога не да парога», – кажа жыхарка вёскі Пагост Кацярына Панчанка.

Шэсце крочыць на поле, дзе абавязкова закопваецца луста хлеба як ахвяра зямлі. Зялёны фартух мяняюць на чырвоны, што ёсць сімвалам апладнення, крыві і жыцця. Пасля ўсе вяртаюцца ў вёску, дзе раздаюць пачастункі па ўсіх падворках.

«Трэба захаваць гэтую традыцыю і перадаць маладому пакаленню. Як яно было ў тыя часы, праводзіліся гэтыя абрады, каб яны разумелі, як наш беларускі народ жыў», – гаворыць Мікалай, удзельнік святкавання.

Святкаванне працягваецца да ночы, па хатах выпякаюць караваі ды частуюць адно аднаго рознымі стравамі.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu