Як у Беларусі стаць дворнікам?


Працаўнікі з Беларусі з’язджаюць за мяжу. А ці значыць гэта, што працоўных вакансіяў у краіне стала болей? Ці лёгка ўладкавацца хаця б дворнікам?

Хтосьці ў гэтыя летнія спякотныя дні марыць пра адпачынак ад працы, для іншых жа мара – знайсці добрую працу. Ці ёсць праблемы з працаўладкаваннем у горадзе над Дзвіною, або працу знайсці нескладана? Запыталі ў жыхароў Віцебску:

«Лёгка! Было б толькі жаданне – і праца будзе».

«Няцяжка, трэба проста знайсці сваю любімую справу».

«Цяжка, вельмі цяжка, асабліва калі ўзрост».

А калі да ўзросту дадаць яшчэ і праблемы са здароўем?

«Ёсць шмат людзей, якія б хацелі знайсці больш лёгкую працу, а інваліды ўжо ў апошнюю чаргу».

«Ім, вядома, складаней, бо трымаць іх ніхто не хоча».

Ужо 7 месяцаў шукае працу 59-гадовы віцяблянін:

«Усё жыццё я адпрацаваў на Беларускай чыгунцы – стаж 41 год. Так атрымалася, што мне зрабілі аперацыю, атрымалася анкалогія. Ну і далі другую групу».

Летась у лістападзе падчас перакамісіі спадару Юрыю далі трэцюю групу – працоўную. Ён стаў на ўлік у цэнтр занятасці насельніцтва, але і там не дапамаглі знайсці працу.

«Усе ад нас аднекваюцца, яны нават не пытаюцца пра групу – адразу 59 гадоў. А як тады можна зразумець павелічэнне пенсійнага ўзросту?» – распавядае Юрый Качаргін.

Як інвалід другой групы спадар Юрый атрымліваў пенсію 300 рублёў, на трэцяй жа групе пенсія… усяго 200. Да пенсіі ж па ўзросце мужчына мусіць адпрацаваць яшчэ 3 гады.

Юрый Качаргін: «Я гатовы і дворнікам, і вартаўніком пайсці працаваць».

Журналістка: «Але дворнікам – складаная праца!»

Юрый Качаргін: «А што рабіць? Я б задавальненнем! Няма куды!»

Праверыць сітуацыю на рынку працы пастанавілі і мы. Вакансіяў вартаўніка на старонцы службы занятасці не было ніводнай, дворніка – цэлыя тры. Але ўладкавацца на першую з іх – у гімназію – цяпер немагчыма:

«Тэлефануйце пасля 4 ліпеня, таму што наш загадчык гаспадаркі ў адпачынку, толькі ён будзе прымаць на працу», – адказалі ў Гімназіі №1.

У дзіцячым садку № 25 «Крынічка», дзе прапаноўваюць заробак ад 165 рублёў, ужо не патрэбны працаўнік:

«Ужо ўсё, даслалі нам чалавечка сёння з біржы».

«Я бяру ўжо трэцяга чалавека з біржы, і яны не затрымліваюцца».

У сярэдняй школе адзін нумар не адказвае, а іншы, пададзены службаю занятасці, належыць прыватнай асобе, якая ўвогуле не з Віцебску. Сярэдняя школа № 21:

«Я там не працую, я не ведаю, чаму мой нумар тэлефону там».

Для нас гэта толькі тры няўдачы, спадар Юрый за 7 месяцаў шукання працы такое чуў сотні разоў. Апошняя надзея мужчыны – размова з кіраўніком Віцебскай вобласці:

«Хачу да Шарснёва Мікалая Мікалаевіча звярнуцца наконт гэтай праблемы, хай ён падумае разам з абласным аддзелам здароўя, таму што нас кідаюць у жабрацтва».

Тым часам пенсійны ўзрост у Беларусі кожны год павялічваецца на паўгода. Ці павялічваецца колькасць працоўных месцаў і працаздольнасць людзей сталага ўзросту?

Вольга Старасціна, belsat.eu