Як у Беларусі працуе псіхічная дапамога?


108 тысяч беларусаў знаходзяцца пад дыспансерным наглядам з-за псіхічных разладаў. Але Сусветная арганізацыя здароўя мяркуе, што ажно кожны чацвёрты ў сваім жыцці сутыкнецца з праблемамі псіхічнага здароўя. Хтосьці – аднойчы, а некаму спатрэбіцца сталая псіхіятрычная дапамога.

Адзін з такіх людзей – Максім Брашко. Дзесяць гадоў таму ў яго пачалася доўгая дэпрэсія, якая прывяла да псіхозу, і як вынік – шпіталізацыя ў «Навінкі» і дыягназ «шызаафектыўны разлад».

«Пацыентамі аніхто не займаецца, ёсць толькі парадак выдачы медыкаментаў. Ты пацыент, які праходзіць пад пэўным дыягназам, і ў цябе няма больш аніякіх правоў», – кажа Максім Брашко, сёння супрацоўнік клубнага дому «Адкрытая душа».

Сацыяльная працаўніца Вольга Рыбчынская кажа, што ў Беларусі добра развітая сістэма медыкаментознай дапамогі. То бок калі вы кепска пачуваецеся, псіхіятр прапіша вам патрэбныя медыкаменты, якія купіруюць сімптомы. Але не хапае доступу да псіхатэрапіі, праграмаў, якія б паляпшалі якасць жыцця людзей з псіхічнымі разладамі.

«Не хапае сацыяльных рэабілітацыйных паслугаў людзям з цяжкімі псіхічнымі разладамі, не хапае праграмаў падтрымання пры працаўладкаванні. Таксама не хапае праграмаў падтрымкі сталых людзей з псіхічнымі разладамі», – сцвярджае яна.

Адно з такіх месцаў, дзе людзі з псіхічнымі парушэннямі могуць сацыялізавацца, атрымаць юрыдычную дапамогу і пагаварыць з тымі, хто зразумее, – клубны дом «Адкрытая душа». У Менску ён распачаў працу ў 2011 годзе і за гэты час дапамог 170 людзям. Адзін з іх – наш герой Максім, які цяпер працуе там сацыяльным працаўніком. Такіх установаў у Беларусі ўсяго 5: дзве ў Менску і па адной у Віцебску, Берасці ды Горадні. Усе яны бясплатныя.

Як зразумець, што варта звярнуцца па дапамогу? Адмыслоўцы кажуць, што самая важная прыкмета – калі вы на працягу доўгага часу адчуваеце сябе інакш, чым звычайна, але змяніць паводзінаў не можаце. Напрыклад, вы былі валявым чалавекам, але на некалькі месяцаў на вас напала апатыя – гэта можа быць трывожным званком.

«Чалавек не можа справіцца сам са сваім станам, ён з’яўляецца дэструктыўным для ягонага штодзённага жыцця», – кажа Канстантын Шахрай, псіхолаг і старшыня грамадскага аб’яднання «Спажыўцы псіхіятрычных паслугаў».

Паводле Максіма Брашко, пацыенты псіханеўралагічных дыспансераў часта сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. Праз дыягназ яму было складана знайсці працу. Мужчына не можа кіраваць аўтамабілем і быць чыноўнікам. Змянілася і стаўленне да яго з боку атачэння.

«Я страціў сваё сацыяльнае атачэнне. Былыя сябры вырашылі болей не кантактаваць са мной», – кажа ён.

Праз такое стаўленне і магчымыя наступствы людзі ў Беларусі часта баяцца звяртацца да спецыялістаў, кажа псіхолаг:

«Лічыцца, што чалавек можа быць небяспечным, што захворванне невылечнае, што чалавек не здолее працаваць – таму людзі не звяртаюцца па дапамогу».

Калі вы разумееце, што з вамі нешта не так, на пачатковых стадыях спецыялісты рэкамендуюць звярнуцца да псіхатэрапеўта: бясплатнага ў паліклініцы ці прыватнага. Калі псіхатэрапеўт не дапаможа – патрэбны псіхіятр. Ваш візіт ахоўваецца доктарскай тайнай, і пра дыягназ ніхто не даведаецца. У шпіталь вас могуць накіраваць толькі ў тым выпадку, калі вы можаце нашкодзіць сабе ці свайму атачэнню. Таксама працуюць гарачыя лініі псіхалагічнай дапамогі, сярод якіх і ананімныя.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu